"Добры дзень, я з Аўстраліі": гісторыя сядзібы Патоцкіх, якую аддаюць дарма
Сядзіба Патоцкіх у Беразіне / Еўрарадыё
Улады шукаюць новага гаспадара для сядзібы Патоцкіх у Беразіне. Прадпрымальніку, які прывядзе будынак у парадак у адпаведнасці з гістарычным абліччам і створыць тут рабочыя месцы, яго гатовыя аддаць бязвыплатна. Зрэшты, работы ўляцяць у капеечку.
— Сядзібу спрабавалі прадаць на аўкцыёне, — расказваюць у Дзяржкаммаёмасці. — Былі ахвотныя, але іх бянтэжыла, што аб'ект адносіцца да гісторыка-культурнай спадчыны, а гэта значыць, што ўсю працу неабходна ўзгадняць з Міністэрствам культуры. Гэта не тое каб вельмі складана, але працаёмка.
У ведамстве дадаюць, што рамонт ацэньваецца прыблізна ў 1 млн еўра.
Сёння двухпавярховы цагляны будынак стаіць без вокнаў і дзвярэй, падлогі, ацяплення і водаправода, адрэзаны ад электразабеспячэння. Так што 1 млн еўра за бясплатную сядзібу не выглядае чымсьці нерэальным. Дарэчы, пры падачы заявы ў выканкам неабходна пазначыць, колькі часу спатрэбіцца на рэалізацыю праекта. А ў далейшым — прытрымлівацца гэтага графіка.
"Усё, што звязана з гэтым домам, — усё сумна"
Дом у стылі позняга класіцызму на беразе шырокай ракі ў 1858 годзе ўзвяла Ганна Патоцкая-Вансовіч. У пачатку XIX стагоддзя яна жыла ў Парыжы, пра што напісала цікавыя ўспаміны. А на тэрыторыю сучаснай Беларусі пераехала ўжо ў глыбокай старасці — і адразу аказалася ў статусе адной з самых багатых жанчын рэгіёна.
У другой палове XIX стагоддзя ў сядзібе бурліла жыццё, але пасля рэвалюцыі 1917 года Патоцкія пакінулі Беларусь. Будынак паслядоўна ператвараўся ў дзіцячы дом, школу, жылы дом і склад. Пакуль нарэшце не быў закінуты.
45 гадоў таму, калі сядзіба была школай, працаваць у яе прыехала маладая настаўніца Валянціна Вішнеўская.
— Мне тут, вядома, страшна падабалася, — успамінае яна. — Старадаўнія цагляныя сцены, уласная кацельня — будынак быў вельмі цёпленькі. Урокі праходзілі ў асноўным у другую змену ў апсідзе з паўкруглымі вокнамі. Дзіўная аўдыторыя... абсалютна іншая атмасфера. Памятаю рыпучыя старыя лесвіцы, калі падымаешся на другі паверх. Адзіная бяда для мяне была ў тым, што мне трэба было вельмі хутка за перапынак перабегчы сюды са старшай школы. Гэта кіламетра паўтара, можа, два. Я насілася як вар'ятка! Але нічога, добрая гімнастыка. З іншага боку, мы, мясцовыя, былі звыклыя да гэтага дома, як да старой мэблі, і не звярталі на яго асаблівай увагі. А вось потым, калі я сваімі вачыма назірала за яго заняпадам, гэта было як нажом па сэрцы.
У пачатку 90-х настаўніцу абіраюць дэпутатам райсавета. "Я была стрэмкай ва ўсіх месцах райвыканкама, — працягвае Валянціна Станіславаўна. — Увесь час хадзіла і чагосьці патрабавала: то ваду, то дарогі, а галоўнае — справядлівасці". Некалькі гадоў суразмоўніца Еўрарадыё траціць на тое, каб выратаваць сядзібу Патоцкіх ад разбурэння, але безвынікова: "Усё, што звязана з гэтым домам, — усё сумна".
Апошнія 13 гадоў Валянціна Вішнеўская жыве ў Чыкага. Яна больш не можа займацца лёсам сядзібы Патоцкіх.
Хацелі ператварыць сядзібу ў касцёл — і раптам яна згарэла
У 1980-х малодшыя класы "перасялілі" ў прыбудову да асноўнага будынка школы. Яшчэ некалькі гадоў тут жылі педагогі, а пасля атрымалі кватэры ў горадзе і выселіліся. Апусцелая сядзіба стала развальвацца.
У 1993 годзе ў Беразіне зарэгістравалі каталіцкую суполку. Валянціна Вішнеўская стала яе сакратаром. Выбіраючы месца для касцёла, вернікі ўспомнілі пра сядзібу Патоцкіх. Але праз пару тыдняў пасля таго, як у райвыканкама папрасілі аддаць сядзібу пад касцёл, яна раптам згарэла.
— Як толькі папрасілі — яно, халера, узяло ды загарэлася. Пажар унутры здарыўся прыстойны. На другі паверх было страшнавата падымацца: лесвіцы захаваліся, але сталі хісткія. Паралельна ў нашым раёне гарэла яшчэ два касцёлы — таксама "праз п'яную моладзь", як нам тады падавалі?
Пасля пажару людзі пачалі разбіраць будынак. Цягнулі ўсё, што магло спатрэбіцца ў гаспадарцы: дзверы, вокны. Разабралі падлогі. Варшаўскі архітэктар, якога ў сярэдзіне 1990-х прывезлі ў Беразіно з ініцыятывы Касцёла, даў зразумець, што на аднаўленне сядзібы спатрэбяцца вялікія грошы.
Тады ж, у 1990-я, адбылася (а дакладней, не адбылася) першая спроба вярнуць сядзібу Патоцкіх да жыцця. Але фірма, якая арандавала будынак сядзібы і хацела размяшчаць у ім замежныя дэлегацыі, паспела толькі перакрыць дзве траціны даху — і растварылася. Зрэшты, у неспакойныя 90-я такое адбывалася з камерцыйнымі прадпрыемствамі скрозь.
"Добры дзень, я з Аўстраліі"
У 2002 годзе Валянціна Вішнеўская была старшынёй Саюза палякаў у Беразіне. Неяк раз раздаецца званок:
— Добры дзень, я Анджэй Патоцкі, нашчадак Патоцкіх з Аўстраліі, і мне патрэбна ваша дапамога. Я ведаю, што ў Беразіне знаходзіцца сядзіба маіх родных, якая нікому не патрэбная. Я паглядзеў, палазіў па інтэрнэце. У мяне ёсць мара купіць гэты дом разам з прылеглай зямлёй і зрабіць з яго такое радавое гняздо, дзе мы, нашчадкі Патоцкіх, змаглі б часам збірацца. Каб будынак прыносіў прыбытак, тут можна было б адкрыць гатэль і прызначыць мясцовага кіраўніка.
Валянціна ідзе ў райвыканкам, каб даведацца, ці магчыма, каб іншаземец набыў дом у Беразіне. Там адказваюць, што, вядома, ніякіх праблем. Жанчына перадае Анджэю, каб той прылятаў. І тут пачаліся прыгоды аўстралійца па дарозе ў Беларусь.
Нашчадак Патоцкіх узяў адпачынак на два тыдні. Найбліжэйшыя да Аўстраліі амбасады Беларусі тады працавалі ў ПАР і ў Японіі. Паколькі ў Японіі ў Андрэя Патоцкага жыў сын, па беларускую візу ён паехаў туды. І трапіў якраз на той перыяд, калі апазіцыйны беларускі дыпламат Пётр Краўчанка быў адкліканы ў Мінск. У выніку па візу Патоцкі паляцеў у Нямеччыну. І нарэшце, прыехаў у Беларусь.
Па словах Вішнеўскай, убачыўшы сядзібу, Анджэй сказаў, што згодны прывесці яе ў парадак і ўкласці столькі грошай, колькі трэба. Але для таго, каб браць крэдыт пад гэты праект, яму неабходна атрымаць гэты будынак ва ўласнасць.
— Яму адказалі, маўляў, так-так, мы ўсё разумеем. Працягваецца культурная праграма: Анджэя забаўляюць, як умеюць. А я адчуваю, што яго хочуць развесці. Так і аказалася. У перадапошні дзень перад ад'ездам ён сустракаецца са старшынёй райвыканкама, той глядзіць у падлогу і кажа: "Вы ведаеце, я канчаткова правёў выведку і зразумеў, што гэты дом прадаць у тым аб'ёме, які вам патрэбны, мы не можам". Анджэй у шоку: "Пардон, а што я тут два тыдні рабіў? Чаму вы мне раней не сказалі, да таго, як я сюды прыляцеў? Валянціна вас пыталася". Яму адказалі нешта ў духу: "Мы не ведалі. У нас дзяржаўная ўласнасць на зямлю. Плюс да ўсяго, сядзіба Патоцкіх — помнік архітэктуры, адпаведна, ён не прадаецца".
Усё яны цудоўна ведалі, але думалі, што завабяць заходняга інвестара, — разважае Валянціна Станіславаўна. — Яны не разумелі, што заходнія інвестары — не такія дурні і нічога не будуць укладаць за проста так. Увогуле, гэты бедны Анджэй паехаў засмучаны, паставіўшы на гэтай справе поўны і беспаваротны крыж.
Ці возьмецца прыватны інвестар за выратаванне сядзібы?
Каля 10 гадоў таму сядзібу Патоцкіх выкупіла прыватная мінская фірма. За час, адведзены на рэалізацыю праекта, рэканструкцыя так і не была праведзеная. Фірма тлумачыла гэта тым, што будынак купляўся для нашчадка дынастыі Патоцкіх, які ў выніку так і не аб'явіўся.
Валянціна сумняваецца, што за гэтым стаіць Анджэй Патоцкі:
— Калі б ён хацеў пералічыць грошы, ён бы гэта зрабіў. Але ні ён, ні яго нашчадкі (у Беларусь ён прыязджаў з сынам, паказваў: "Глядзі, гэта тваё!") не маглі ўвязацца ў такую афёру, яны ж не ідыёты!
Наша суразмоўніца не верыць, што сёння за выратаванне сядзібы Патоцкіх здольны ўзяцца прыватны інвестар.
— Магчыма, за 13 гадоў я адарвалася ад жыцця ў Беларусі, але не разумею: няўжо засталіся людзі, якія павераць, што дзяржава вось проста так нешта возьме ды адсцягне? Няма дурных. Магчыма, будынак яшчэ можна аднавіць, але ў той момант, калі ён пачне прыносіць прыбытак, дзяржава накладзе на яго лапу. Шкада, вядома, але ў нас так уладкавана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.