Доступ да Kyky.org могуць аднавіць праз чатыры дні
Супрацоўнікі рэдакцыі выдалілі праблемныя артыкулы і наведалі Мінінфарм. Чыноўнікі паабяцалі ўсё праверыць і разбаніць сайт.
Доступ да сайта Kyky.org можа аднавіцца ўжо на гэтым тыдні, распавёў Еўрарадыё рэдактар рэсурсу Павел Свярдлоў адразу пасля размовы з чыноўнікамі Міністэрства інфармацыі.
“Мінінфармацыі атрымала наш ліст, што мы ўсё выправілі, і хацелі б пераканацца, што так яно і ёсць, — распавядае пра вынікі сустрэчы Павел. — Але зрабіць гэтага яны не могуць, бо ў нас стаіць рэдырэкт з kyky.org на kyky.io. Перш за ўсё нам указалі на тое, што мы мусім ім даць доступ да kyky.org. А таксама нам сказалі выправіць некалькі артыкулаў, дзе выкарыстаная табуяваная лексіка і папрыбіраць мацюкі з каментарыяў пад артыкуламі”.
Калі супрацоўнікі міністэрства ўбачаць, што ўсё гэта зробленае, будзе выдадзены загад на аднаўленне доступу да сайта. Далей у правайдараў будзе тры дні на выкананне загаду. Такім чынам, доступ да kyky.org у лепшым выпадку адновіцца праз чатыры дні.
“Натуральна, калі ў іх не з’явіцца прэтэнзій да нашага выпраўлення мацюкоў”, — жартуе Свярдлоў.
Нагадаем, блакіроўка сайта kyky.org пачалася 18 чэрвеня паводле пастановы Міністэрства інфармацыі ад 15 чэрвеня. Гэта была рэакцыя на скаргі чытачоў на артыкул пра святкаванне перамогі ў Другой сусветнай вайне “Подзвіг аднаго — заўсёды злачынства іншага”.
Рэдакцыя рэсурсу даведалася пра блакаванне ад чытачоў і калег. Ніякіх двух папярэджанняў да блакіроўкі сайту, якія прадугледжаныя законам, рэдакцыя не атрымала.
“Папярэджанне могуць вынесці толькі суб’ектам, якія знаходзяцца ў беларускім сегменце інтэрнэт “by”, — Павел Свярдлоў агучвае тлумачэнні чыноўнікаў. — Паколькі ў нас “.org”, то ў Міністэрства інфармацыі проста не было такога дзеяння, як вынясенне папярэджання. Адзіны інструмент, які быў у іх — блакіроўка, яго яны і ўжылі”.
Каб у беларускіх чытачоў усё ж была магчымасць заходзіць на рэсурс, kyky.org з'явіўся на новым дамене — kyky.io.