"Дранікаў не хочам. Наеліся". Як беларус карміў украінскіх нацгвардзейцаў
Як беларус карміў ваенных абедамі на блокпастах / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Стас Цыбінскі быў у рэстаране, калі пачалася вайна. Там ён і застаўся на наступны тыдзень: глядзеў у акно, чакаў абстрэлаў, а ў перапынках падкормліваў украінскую Нацгвардыю на блокпастах.
За дзень да ад'езду з Кіева Стас расказаў нам сваю гісторыю.
"На вайне я першы раз"
Беларускі актывіст Стас Цыбінскі прыехаў у Кіеў гэтай зімой. Уладкаваўся на працу ў рэстаран, першы свой заробак павінен быў атрымаць 10 сакавіка. Спачатку жыць яму не было дзе, і кіраўніцтва дазволіла пажыць проста на працоўным месцы. Афіцыянты і бармены ссунулі канапкі, прынеслі з дому падушкі, коўдры, пасцельную бялізну — Стас быў крануты такім стаўленнем.
З Кіева ён збіраўся адправіцца ў Германію, але не паспеў аформіць дакументы — пачалася вайна.
— Раніцай 24 лютага прагучала вельмі працяглая сірэна. Потым пайшлі выбухі. Адзін за адным. Пасля выбухаў пачаліся аўтаматныя чэргі з інтэрвалам тры-пяць хвілін. Тут, на кухні, бразджаў увесь посуд.
Я, вядома, быў у лёгкім здзіўленні, не разумеў, што мне рабіць, таму што на вайне я першы раз. Я не ведаў, куды мне падзецца, не ведаў, куды падацца. Пачаў успамінаць урокі грамадзянскай абароны. Успомніў, што ў такіх сітуацыях трэба хавацца альбо ў кут, альбо пад які-небудзь металічны стол.
Я спусціўся ў падвальнае памяшканне рэстарана — там знаходзіцца кухня — і сеў пад маленькі металічны стол. Часам я проста закрываў вушы рукамі, каб гэтага не чуць. Калі чуеш, усё гэта палохае яшчэ больш. Я проста чакаў, калі ўсё гэта спыніцца.
Збіраўся з'ехаць, нават сабраў рэчы.
Калі пачаліся выбухі, Стас быў у рэстаране адзін. У адзіноце ён правядзе ўвесь наступны тыдзень. Калі мы апублікуем гэты тэкст, Стас ужо будзе ехаць у аўтобусе да мяжы з Польшчай: яму ўсё ж удалося выбрацца з Кіева. Але гэта выйшла не з першага разу: рэстаран абкружаны трыма блокпастамі.
"Я тут адзін з самага пачатку вайны, афіцыянты і бармены з'ехалі"
— Толькі што зноў быў воплеск. Я зноў трохі перажываю, — кажа Стас. — Я тут адзін з самага пачатку вайны. Афіцыянты, бармены — усе з'ехалі, застаўся толькі я. І я беларус. Я разумею, што цяпер украінцы да беларусаў настроеныя варожа. І праз гэта трошкі, ведаеце, нервова.
Двойчы Стас няўдала спрабаваў прабрацца праз блокпасты — яго затрымлівалі, прымалі за дыверсанта, потым разбіраліся — і ўсё роўна разварочвалі назад, не давалі прайсці наперад.
— Адзін раз паклалі тварам у зямлю, моцна не білі. Я іх разумею, хлопцы проста не ведалі, хто я, прынялі за дыверсанта, — расказвае Стас пра сваю першую спробу прабрацца да вакзала.
У нейкі момант ён вырашыў, што больш не будзе спрабаваць выехаць з Кіева. Працадаўца дазволіў Стасу застацца жыць у рэстаране, браць ежу на кухні, а заадно прыглядаць за памяшканнем, ахоўваць рэстаран ад марадзёраў.
А Стас вырашыў, што будзе прыглядаць не толькі за памяшканнем, але яшчэ і за нацгвардзейцамі на блокпастах.
— Я кожны дзень назіраў за хлопцамі ў акно. Ведаеце, як чалавек, якому няма чаго рабіць. Тым больш адзін час не працаваў інтэрнэт, вось я два дні ў акно і глядзеў. Простыя цывільныя людзі прывозілі ім гарбату, каву ў тэрмасах, прывозілі бутэрброды. Хтосьці катлет прывязе, хтосьці бульбы варанай — але гэта, хутчэй, рэдкасць. І я вырашыў накарміць хлопцаў гарачай ежай.
На кухні заставалася вельмі шмат свежых прадуктаў. Ёсць бульба, морква, цыбуля, буракі, агуркі, памідоры, перац. Гэта прадукты, якія хутка псуюцца. Да канца вайны яны не даляжаць. Стэлефанаваўся з кіраўніком, сказаў: можаце адымаць з майго заробку кошт прадуктаў.
Калі ў рэстаране скончыўся хлеб, Стас спёк сам. З хлебам у горадзе праблемы, кажа наш суразмоўнік. У крамах засталіся толькі крупы і прысмакі.
— Я кармлю гэтых вайскоўцаў, таму што мне іх шкада. Цяпер яшчэ і халаднавата: у Кіеве выпаў снег, учора быў дождж — хлопцы змерзлі. Гарачая ежа іх трошкі сагрэе.
У першы дзень я прыгатаваў 12 порцый, але цяпер да хлопцаў прыйшло падмацаванне, так што на наступны дзень порцый было ўжо 20.
У дзень нашай размовы Стасу трэба было накарміць ужо 28 чалавек.
"Дранікаў не хочам, гатуй боршч"
— Калі я першы раз прынёс ежу, у мяне спыталі, хто я і адкуль. Спыталі: а вы хто? Я кажу: кухар. Але яны па акцэнце тут жа зразумелі, што я не толькі кухар, а беларускі кухар.
Я ім адразу падаў пашпарт і дакументы ўцекача. Расказаў, што я ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту, што мяне збілі. Калі яны вывучылі ўсе дакументы, стаўленне да мяне стала проста цудоўным.
Мы пачалі мець зносіны. Яны нават тэлефанавалі мне і папярэджвалі, маўляў, хутка будзе абстрэл, бяжы хавацца. Як толькі абстрэл скончыўся, тэлефануюць і пытаюцца, што будзе на вячэру.
Стас казаў, што можа прыгатаваць што хочаш. А аднойчы прапанаваў пакаштаваць сапраўдныя беларускія дранікі.
— Хочаце, кажу, беларускіх дранікаў? А яны кажуць: не, беларускіх дранікаў не хочам. Наеліся.
Таму гатую для іх гуляш з мясам, вару боршч украінскі. Вельмі моцна яны яго любяць, вельмі просяць.
Я разумею гэта змененае стаўленне да беларусаў. Наш "высокі чалавек" трошкі падарваў нашу рэпутацыю тут. Яшчэ нядаўна ўсё было інакш.
P. S. І хоць адносіны беларусаў і украінцаў заўважна сапсаваліся, Стас змог палепшыць іх прынамсі на канкрэтных блокпастах. Сёння Стасу ўдалося пакінуць Кіеў, праз блокпост яго прапусцілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.