Drum Ecstasy. “Play Loud”

120601 Agljadacha.mp3

01. Val.mp3

Drum Ecstasy запісалі надзвычай меладычны для сябе альбом. Вядома, у гэта можна не паверыць, прыпомніўшы арыі знакамітай дрылі Філіпа Чмыра і рытмічна-жарсныя партыі бубначоў каманды. Аднак бас у купе з электроннай падкладкай часам паводзяць сябе амаль песенна, прычым, навязлівасць матыву хутка запаланяе мозг, і так званая “песня” пераходзіць у статус амаль своеасаблівага хіта, як, напрыклад, “Tango” ці “Pops”.

02. POPS.mp3

“Play Loud” – трэцяя афіцыйна выдадзеная пласцінка беларускіх бубначоў. І, магчыма, за кошт заўважанага намі меладызму, музыкі ахрысцілі яе папсовай і больш мяккай у параўнанні з папярэднікамі. Тут нельга не пагадзіцца з Чмыром і кампаніяй, прыгадаўшы перадапошні “H.D.M”, датаваны 2005 годам, калі цяжкая танцавальная музыка не давала целу перадыху, а лёгкім – выдыху. І дваццаціхвілінны блок Drum Ecstasy на хвалях “Аўтарадыё” вытрымлівалі хіба самыя псіхічна ўстойлівыя слухачы. У “Play Loud” танцы працягваюцца, але яны сталі больш лагоднымі і асэнсаванымі. Цяпер тут ёсць не толькі пульс, але і па-дэ-дэ.

09. Tango.mp3

У сувязі з прыходам мелодыі ў музыку Drum Ecstasy, а яна, дарэчы, неяк прыйшла разам з новымі бубначамі ў гурт, змянілася і роля бубнаў – цяпер гэта не проста натуральны складнік у агульным драйве кампазіцый, а саліст, якому акампануюць барабаны. А акампаніятар мусіць слухаць саліста, падкрэсліваць драматургічнае фортэ і піяна. І бубны Drum Ecstasy спраўляюцца тут найлепшым чынам.

10. Val2.mp3

Drum Ecstasy – гурт, які апераджае беларускі час, пра што сведчаць яго крокі – ці то ў рэчышчы піяру, ці то выдання дыскаў, ці то іх запісу. “Play Loud” – моцная, і практычна не манатонная праца, нягледзячы на спецыфіку жанру. Магчыма, альбомны варыянт песень мог быць крыху скарочаным. Ну, не 5 хвілін, а фарматных тры. Для т.з. слухабельнасці. Тым не менш, вар’яцкая энергетыка, магутнасць выказвання, выбудаванасць эмоцыі, нараджэнне прагі танца, падвышэнне лібіда робяць сваю справу, і прымушаюць калі не любіць, дык дакладна ўспрымаць музыку бубначоў.

07. 2dril_(remake).mp3

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі