Drum Ecstasy рыхтуюць арт-альбом "з чалавечым голасам"
Drum Ecstasy прыступілі да запісу свайго першага песеннага альбома пад назвай "Ху?".
"Так склалася, што ў розны час у нас ствараліся песні, якім быў неабходны вакал ці рэчытатывы. Такім чынам, яны ўсе адкладаліся, і цяпер іх накапілася дастаткова шмат для таго, каб увайсці ў адмысловы альбом", — тлумачыць мастацкі кіраўнік гурта Філіп Чмыр.
Па словах Філіпа, кожны трэк на альбоме ставіць розныя задачы, таму для іх рэалізацыі каманда збіраецца запрасіць некалькі вакалістаў ці чытальнікаў. Рэчытатывы для кружэлкі належаць аўтарству саміх Drum Ecstasy, а што тычыцца паэзіі, тым больш на замежнай мове, тут за справу бяруцца сябры гурта. Філіп абяцае, што на дыску прагучаць розныя мовы: іспанская, нямецкая, англійская, руская і беларуская.
"Трэба разумець, што на новым альбоме будуць творы, дзе прысутнічае чалавечы голас, — удакладняе Чмыр. — У гэтай кружэлцы ўсё падпарадкоўваецца менавіта таму, што ёсць напісаны матэрыял, на які просіцца голас. То бок, ён мусіць там нешта рабіць: ці чытаць, ці спяваць, ці скандзіраваць нейкія слоганы — так сачынілася. Да таго ж, мы постмадэрністы. Будзе шмат цытат. Мы іх вар'іруем. Гэта ўсё адно арт-прадукт, а не поп-прадукт, хоць гук і падача атрымліваюцца больш папсовымі, чым было раней у Drum Ecstasy".
Альбом "Ху?" будзе не цалкам "з чалавечым голасам". Чакаюцца і любімыя Drum Ecstasy інструментальныя кампазіцыі. Папярэднічаць кружэлцы будуць сінглы.
Цяпер музыкі запісваюць першыя тры кампазіцыі, у якіх прагучыць іспанскі тэкст. А першым вакалістам Drum Ecstasy стаў іспанскі студэнт, які працуе ў Беларусі валанцёрам. Нямецкі тэкст даручаць выкладчыку нямецкай мовы, бо ў песнях бубначоў вельмі важнае вымаўленне.