Дрыбін, Брагін і Чачэрск абставілі Мінск па нараджальнасці

“У нас Гомельская вобласць другі год у лідарах па нараджальнасці”, — нечакана кажуць Еўрарадыё ў Белстаце. І сапраўды, Мінск мае каэфіцыент нараджальнасці на 1000 чалавек — толькі 12! А ў тройцы лідараў два пасёлкі на Гомельшчыне. На першым месцы два гады запар райцэнтр у Магілёўскай вобласці гарадскі пасёлак Дрыбін. Каэфіцыент нараджальнасці тут 20,7 на 1000 жыхароў!

У дрыбінскім ЗАГСе бэбі-бум тлумачаць тым, што пасля Чарнобыльскай аварыі менавіта сюды перасялялі людзей з забруджаных раёнаў. Многія засталіся ў райцэнтры, завялі сем’і.

“Вы ведаеце, у нас многія, як бы гэта сказаць, заводзяць па трое дзяцей. То бок двое дзяцей — гэта як правіла, не абмяркоўваецца нават. У сельскай мясцовасці людзі прасцей да гэтага адносяцца,  а ў Мінску больш плануюць будучыню, магчыма. А ў нас тут у многіх вялікая гаспадарка, таму трэба дапамагаць”, — кажуць у дрыбінскім ЗАГСе і дадаюць, што ні разу не думалі, што будуць першымі па нараджальнасці.

На другім месцы — той самы Брагін, адкуль пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС людзі перасяляліся ў Дрыбін. Каэфіцыент нараджальнасці – 19,9 на 1000 жыхароў.

У ЗАГСе Брагіна кажуць, што ў іх раёне многія застаюцца пасля адпрацоўкі размеркавання: трымае жыллё!

“Калі маладыя людзі прыязджаюць на адпрацоўку, мы даём бясплатнае жыллё. Яны прыязджаюць і адразу атрымліваюць жыллё. Калі не ў шлюбе — інтэрнат, а так кватэру”.

Пры гэтым супрацоўніца ЗАГСа адзначае, што цяпер працаваць асабліва няма дзе: “З вялікіх прадпрыемстваў, напэўна, застаўся побач толькі Камарынскі лясгас!

Трэцяе месца з невялікім адрывам займае Чачэрск. Зноў невялікі райцэнтр Гомельскай вобласці. Каэфіцыент нараджальнасці на 1000 чалавек — 19,3!

Чаму нараджальнасць тут высокая, спрабуюць тлумачыць у Чачэрскім ЗАГСе. Кажуць, існуе некалькі прычын.

“Па-першае, многія з тых, хто выехаў пасля аварыі, вяртаюцца на радзіму. Па-другое, у 1980—90-я гады ў нас быў бум нараджальнасці. Цяпер тым дзецям па 25-30 гадоў, вось яны і нараджаюць дзяцей. А магчыма, у нас асаблівыя мужчыны!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі