Два бабруйскія дырэктары выпусцілі незаконныя аблігацыі на мільён долараў

Два бабруйскія дырэктары выпусцілі незаконныя аблігацыі на мільён долараў

У Бабруйску Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю выявіў факты незаконнага выпуску каштоўных папер. Выпускалі іх кіраўнікі двух таварыстваў з абмежаванай адказнасцю. Аднаму мужчыну 36 гадоў, другому 33.

Як паведамляецца на сайце ведамства, у лістападзе 2015 года абодва дырэктары фірмаў унеслі недакладныя звесткі ў разлікі кошту асноўных сродкаў ТАА і падалі іх у Дэпартамент па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў. Гэта рабілася для рэгістрацыі і выпуску каштоўных папер дзвюх кампаніяў. Агулам было выпушчана 100 тысяч аблігацый па 10 долараў кожная.

Гэтыя аблігацыі былі прададзеныя насельніцтву з абяцаннем стаўкі ў 15% гадавых. Пакупнікамі такіх прывабных папераў сталі некалькі дзясяткаў чалавек, большасць з іх — мінчукі. Адзін мужчына нават прадаў кватэру і купіў аблігацыі на 30 тысяч долараў.

Але выплаты абяцаных адсоткаў уладальнікі аблігацый так і не дачакаліся. Грошы ад продажу гэтых "каштоўных папераў" барысаўскія дырэктары выкарыстоўвалі на ўласныя патрэбы. Прычым спрытныя прадпрымальнікі планавалі ўжо выпусціць другую партыю аблігацый — нібыта для таго, каб пагасіць пратэрмінаваную запазычанасць па адсотках з першага выпуску каштоўных папер.

Цяпер на бабруйскіх дырэктараў пачалі крымінальную справу за незаконны выпуск (эмісію) каштоўных папер. Паведамляецца, што мужчыны сваю віну цалкам прызналі і выказалі гатоўнасць дапамагаць следству.

Ім пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі