Два — за, два — супраць: як дзяржорганы ставяцца да змякчэння артыкула 328
Амаль тры тыдні таму, 10 красавіка, актывісткі “Матчынага руху 328” Таццяна Канеўская і Ліяна Шуба ўдзельнічалі ў нарадзе па карэктыроўцы “наркатычнага” артыкула, дзе прысутнічалі дэпутаты і прадстаўнікі МУС. 29 красавіка “Маці-328” ізноў выйшлі на плошчу Незалежнасці — яны хочуць даведацца, чаму законапраект дагэтуль не накіраваны на разгляд у парламент.
Еўрарадыё ведае адказ на гэтае пытанне: справа ў тым, што чыноўнікі не могуць прыйсці да еднасці па зменах у артыкул 328 КК. Мы звярнуліся ў чатыры дзяржаўныя органы — Следчы камітэт, Вярхоўны Суд, Генпракуратуру і МУС — з просьбай аргументаваць сваю пазіцыю. Два ведамствы выступаюць за зніжэнне ніжняга парога пакаранняў для распаўсюднікаў забароненых рэчываў, а два — супраць, і вось чаму.
Папраўкі ў жорсткі антынаркатычны артыкул 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі абмяркоўваюцца не першы месяц. Гаворка пра зніжэнне ніжняй мяжы пакарання: па 2-й частцы артыкула — з 5 да 3 гадоў і па 3-й частцы — з 8 да 6 гадоў. “Матчын рух 328” за гэты час неаднаразова пікетаваў Дом урада, дамагаючыся змен у Крымінальны кодэкс і перагляду тэрмінаў для сваіх дзяцей.
Сэнс паправак у тым, каб не стрыгчы пад адзін грэбень сапраўдных наркадылераў і тых, хто набыў наркотыкі не для гандлю, а для ўжывання. І тыя, і другія з гледзішча закона — распаўсюднікі забароненых рэчываў, але характар злачынстваў абсалютна розны. А мінімальнае пакаранне аднолькава жорсткае.
Следчы камітэт
Пазіцыя: За змякчэнне
Абгрунтаванне: “Адзначаная мера дазволіць рэалізаваць прынцып справядлівасці крымінальнай адказнасці і індывідуалізацыі пакарання, а таксама дыферэнцыраваць адказнасць асоб, якія ўпершыню ўчынілі злачынства, і непаўналетніх”.
Вярхоўны Суд
Пазіцыя: Супраць змякчэння
Абгрунтаванне: “Існуючая сістэма мер крымінальнай адказнасці з’яўляецца аптымальнай, адпавядае ступені грамадскай небяспекі дзеянняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, і дазваляе забяспечыць рэалізацыю прынцыпу індывідуалізацыі пры прызначэнні пакарання”.
У Вярхоўным Судзе прыгадваюць пасяджэнне, якое адбылося 17 кастрычніка 2018 года і было прысвечана абмеркаванню вынікаў вывучэння судовай практыкі па разглядзе судамі крымінальных спраў аб злачынствах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. На ім кіраўніцтва ВС і пазначыла сваю пазіцыю.
Міністэрства ўнутраных спраў
Пазіцыя: Супраць змякчэння
Абгрунтаванне: “Прынятыя меры, звязаныя ў тым ліку з узмацненнем жорсткасці крымінальнай адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў, дазволілі не толькі стабілізаваць наркасітуацыю ў краіне, але і дамагчыся штогадовай станоўчай дынамікі”, — лічаць у міністэрстве. Адказ МУС адсылае да жорсткага антынаркатычнага заканадаўства, прынятага ў 2014 годзе. Тады дэкрэт №6 узмацніў крымінальную адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў.
Пра стабілізацыю сітуацыі сведчыць “зніжэнне колькасці выяўленых нарказлачынстваў, асоб, якія ўчынілі такія злачынствы, тэндэнцыя да памяншэння колькасці зарэгістраваных нарказлачынстваў, учыненых з удзелам непаўналетніх і раней судзімымі асобамі, захаванне дынамікі скарачэння колькасці атручванняў псіхаактыўнымi рэчывамi, у тым ліку тых, што скончыліся смяротным зыходам”.
Але нягледзячы на такія вынікі, лічаць у МУС, праблема распаўсюджвання наркотыкаў застаецца актуальнай.
“Улічваючы выкладзенае, прапановы аб зніжэнні тэрмінаў пакарання, звязаных з пазбаўленнем волі, па артыкуле 328 КК уяўляюцца заўчаснымі”.
Генеральная пракуратура
Пазіцыя: За змякчэнне
Абгрунтаванне: “Мяркуем, што названыя змяненні дазволяць забяспечыць прынцыпы гуманізму і індывідуалізацыі пакарання”.