Дварковіч: Расія чакае, каб Беларусь пагасіла запазычанасць за газ

Дварковіч: Расія чакае, каб Беларусь пагасіла запазычанасць за газ

Расія па-ранейшаму чакае, каб Беларусь пагасіла запазычанасць за пастаўкі газу. Пра гэта журналістам заявіў віцэ-прэм'ер Расійскай Федэрацыі Аркадзь Дварковіч.

"Яны накіравалі (прапановы), абмяркоўваем яшчэ. Чакаем аплаты", — перадае ТАСС словы расійскага чыноўніка.

Спрэчкі з коштамі на пастаўкі расійскага газу цягнуцца ад пачатку года. Расія настойвае на аплаце ў 132 долара за 1000 кубаметраў, як прапісана ў дамове. Беларусь жа аплочвае па кошце, які лічыць справядлівым — каля 70 долараў за 1000 кубаметраў. Паводле апошніх расійскіх падлікаў, запазычанасць Беларусі склала каля 340 млн долараў.

29 лістапада намеснік міністра энергетыкі Расіі Кірыл Маладцоў казаў, што Расія і Беларусь стараюцца ўрэгуляваць спрэчку па пастаўках газу і нафты да сярэдзіны снежня. Ён паведаміў, што графік паставак нафты на першы квартал павінен з'явіцца да 15 снежня.

Дарэчы, сам Дварковіч некалькі тыдняў таму паведаміў, што аплата за пастаўкі газу мусіць быць спалучаная з падпісаннем шэрагу пагадненняў і прайсці праз працэдуру пасяджэння расійскага ўрада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі