Дварковіч заявіў, што перамовы з Беларуссю ідуць складана
Перамовы Беларусі і Расіі па нафтагазавай спрэчцы ідуць "складана". Пра гэта заявіў расійскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч.
Паводле яго слоў, рознагалоссі застаюцца. Дварковіч пракаментаваў і пытанне з запазычанасцю нашай краіны за пастаўкі прыроднага газу. "Мы лічым, што павінны былі гэта зрабіць даўно, а і ўвогуле не накопліваць... Перамовы ідуць, чакаем цяпер іх рэакцыі", — цытуе словы расійскага віцэ-прэм'ера РІА "Новости".
Раней намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што наша краіна і Расія блізкія да ўзгаднення ўмоваў паставак прыроднага газу. А міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык адзначыў, што рашэнні наконт расійскага газу прынятыя і цяпер чакаюць узгаднення на палітычным узроўні.