Дворнік: Ці будзе надбаўка за такую колькасць снегу, не ведаю

Дворнік: Ці будзе надбаўка за такую колькасць снегу, не ведаю

Паразмаўляць з сённяшнімі героямі дня, гарадскімі дворнікамі, — не самая простая справа. Убачыўшы дыктафон, яны ледзь не кідаюць інструмент і разлятаюцца ў розныя бакі, выкрыкваючы сціплае “Не-не-не! Мы ж непісьменныя!” Тым не менш Еўрарадыё ўдаецца заціснуць паміж сумётамі брыгаду з шасці чалавек у яркіх памаранчавых вопратках, якая працуе праз праспект насупраць будынка КДБ.

“Мы працуем з сёмай раніцы, таму адкуль жа нам ведаць, што адбываецца ў нашых дварах, — каментуе жанчына, якой калегі даверылі размову з журналістам. — Мы першымі пракладалі сцежкі ў снезе, калі ішлі на працу. Рана выходзілі, каб даехаць і паспець у час. Але там іншыя працуюць, напэўна, а мы ж тут цэлы дзень у цэнтры горада прыбіраем”.

Ёсць у брыгадзе і тыя, што былі выкліканыя ва ўласны выходны. Ім будзе выплачвацца двайны тарыф. Але радасці ад гэтага дворнікі не адчуваюць, маўляў, лепш бы дома пабылі. Тыя ж, у каго сёння і так стаяла змена, пра блізкі цыклон даведаліся з навінаў і маральна былі гатовыя. Што праўда, ніякіх дадаткаў да заробку ім хутчэй за ўсё не будзе.

“У нас у зімовы перыяд вышэйшы каэфіцыент, чым у летні, але наколькі, я не ведаю, трэба пытацца ў кіраўніцтва. У нас пагадзінная аплата. Ці будзе выплата за тое, што столькі снегу выпала? Не ведаю, у нас жа на зімовы перыяд каэфіцыент вышэйшы, відаць, так”.

Працуе брыгада 12 гадзінаў, то бок працоўны дзень у іх скончыцца ў 19:00, і на змену выйдзе начная брыгада. Але ўжо ў 12 гадзінаў дня жанчына прызнаецца, што вельмі стамілася.

“Выматаныя… канечне, так! Але трэба, такая ў нас праца”.

На просьбу сфатаграфаваць брыгаду, разлятаюцца ў розныя бакі нават тыя дворнікі, што з цікаўнасцю слухалі адказы свайго прадстаўніка і часам падказвалі. Жанчына стойка пазіруе на фоне замеценага перакрыжавання Незалежнасці-Камсамольская і разам з усімі працягвае працу.

Нагадаем, паводле інфармацыі метэаролагаў, цыклон Daniella цалкам пакіне тэрыторыю Беларусі ў ноч на 13 студзеня. Заўтра яшчэ захаваецца снежнае надвор’е, але ападкі ўжо не будуць такімі інтэнсіўнымі. Пік снегападаў у Мінску чакаецца ў сярэдзіне дня, бліжэй да вечара цэнтр цыклону перасунецца ў Віцебск. Пачынаючы з 14 студзеня пачне вяртацца халоднае надвор’е, якое было ў краіне на пачатку года. Пік прыпадзе на выхадныя дні, калі тэмпература паветра будзе 13-20 марозу, а падчас праясненняў — 23-25 градусаў ніжэй за нуль. Захаваюцца маразы і ў пачатку наступнага тыдня, пацяпленне магчымае пасля Хрышчэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі