Двухмільённаму жыхару Мінска падаруюць кватэру (фота)
Двухмільённаму жыхару Мінска падаруюць кватэру. Пра гэта 15 верасня паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. Ён падкрэсліў, што дзяржава і далей будзе падтрымліваць "людзей, якія прынялі рашэнне стаць бацькамі".
Калі двухмільённы мінчук народзіцца ў шматдзетнай сям'і, "то і кватэра будзе большай", адзначыў старшыня Мінгарвыканкама. "Я заклікаю ўсіх мінчукоў павышаць дэмаграфічную бяспеку краіны і павялічваць насельніцтва нашага любімага горада", — цытуе словы Андрэя Шораца БЕЛТА.
У аўторак кіраўнік сталіцы наведаў раддом 6-й гарадской клінічнай бальніцы. У Дзень горада ў Мінску нарадзіліся 38 хлопчыкаў і 32 дзяўчынкі. Шорац павіншаваў іх маці, пажадаў ім моцнага здароўя, цярпення. Таксама ён параіў ім не спыняцца на дасягнутым. Ён нагадаў, што на канец года ў сталіцы запланаванае адкрыццё самага вялікага радзільнага дома ў Беларусі.
На сённяшні дзень у беларускай сталіцы налічваецца 1 млн 938 тысяч жыхароў, з іх — 340 156 дзяцей.
Фота: Мінск-навіны