Дырэктар EPAM атрымаў 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі
Ігар Аўсянік / gomel.today
Дырэктара па вытворчасці EPAM Systems Ігара Аўсяніка судзілі за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў" — арт. 23.34 КаАП. Слуханні адбыліся ў судзе Кастрычніцкага раёна, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр "Вясна".
Па дадзеных праваабаронцаў, топ-менеджару EPAM далі 15 сутак. Падрабязнасці прыводзіць тэлеграм-канал "Спісы затрыманых". Паведамляецца, што суд праходзіў па скайпе, у Аўсяніка быў адвакат, дырэктара абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстах 22 лістапада, але віну ён не прызнаў.
Аб затрыманні Аўсяніка стала вядома ў панядзелак. Яго імя знайшлося ў спісах "Вясны". Затым факт затрымання пацвердзіла жонка Ігара. Яна распавяла, што не ведае, пры якіх абставінах быў затрыманы муж, але ведае, што яго прывезлі спачатку ў Першамайскае РУУС, а затым адправілі ў ізалятар на Акрэсціна.
Аўсянік працуе ў EPAM больш за 20 гадоў. Адзін час узначальваў беларускі офіс кампаніі, затым кіраваў персаналам у Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі і Аўстрыі. У апошні час курыруе праекты ў Індыі, Мексіцы, Кітаі, В'етнаме, накіраваныя на інтэграцыю новых падраздзяленняў у кампанію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.