Дырэктар мінскага ГУМа затрыманы за хабар
У Мінску затрымалі галоўнага дырэктара ГУМа Аляксандра Крэпака. Затрыманне правялі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.
У каментары БЕЛТА афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова паведаміла, што Крэпака затрымалі пры атрыманні хабару ў 1000 долараў.
"Увечары 2 лютага службовая асоба была затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС пры атрыманні хабару ў памеры 2525 рублёў за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю", — заявіла Ганчарова.
Па звестках следчых, атрыманне хабару мела сістэмны характар. На Крэпака пачалі крымінальную справу.
Дарэчы, раней Аляксандр Крэпак тры гады быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама па эканоміцы. Толькі ў красавіку 2020-га ён узначаліў ГУМ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.