Дырэктара абвінавачваюць у сістэматычным вымагальніцтве заробкаў у рабочых
З траўня да ліпеня 2014-га ён незаконна атрымаў 44 млн рублёў. Распачатая крымінальная справа.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства "Душава" ў Капыльскім раёне абвінавачваецца ў сістэматычным вымагальніцтве заробкаў у рабочых. Іх наймалі для працы ў гаспадарцы. Дырэктар пагражаў, што калі рабочыя з ім "не падзеляцца", ён не аплаціць выкананыя работы, якія рабіліся паводле вуснай дамоўленасці. У выніку, з траўня да ліпеня 2014-га ён незаконна атрымаў 44 млн рублёў.
Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці, крымінальная справа распачатая па артыкуле "атрыманне хабару ў буйным памеры шляхам вымагальніцтва". Накладзены арышт на маёмасць (у тым ліку на аўтамабіль і грашовыя сродкі) ужо былога дырэктара.
Дарэчы, праваахоўнікі, пасля праверкі фінансавай дзейнасці сельгаспрадпрыемства і допытаў работнікаў, даведаліся яшчэ пра чатыры эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці экс-кіраўніка прадпрыемства. Крымінальную справу неўзабаве могуць перадаць у суд.
Фота: Мінск-навіны