Дырэктарка турфірмы 10 гадоў падманам брала грошы ў віцяблянаў

Дырэктарка турфірмы 10 гадоў падманам брала грошы ў віцяблянаў

У Віцебску гараддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць дырэктаркі турагенцтва. 51-гадовую жанчыну вінавацяць у "шэрагу карыслівых і службовых злачынстваў", паведамляецца на сайце СК. Яе справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Каля 10 гадоў — са снежня 2007-га па жнівень 2016-га — жанчына падманам брала грошы ў знаёмых віцяблянаў. Ад 15 чалавек яна атрымала 11 тысяч еўра і 193 тысячы долараў ЗША пад нагодай развіцця турыстычнага і рэстараннага бізнэсу. Аднак вяртаць пазычаныя грошы ў суме 129 тысяч рублёў яна зусім не збіралася. Таксама яна хацела завалодаць 3000 долараў, аднак людзі перадумалі пазычаць ёй грошы.

Як дырэктарка турагенцтва яна атрымала грошы на суму 343,5 руб., аднак турпакет кліентам не набыла, а грошы прыўлашчыла. Таксама віцяблянка пад выглядам турпаслуг завалодала грашыма 43 грамадзян і адной арганізацыі і спрабавала прыўлашчыць грошы яшчэ аднаго з пацярпелых на агульную суму больш за 95 тысяч рублёў.

Следства заяўляе, што ў ліпені-жніўні 2016 года жанчына скрала больш за 11 400 рублёў, якія турысты перадалі ёй у якасці аплаты за турпаслугі. Грошы мусілі быць пералічаныя на рахункі чатырох кампаніяў, але апынуліся ў кішэні прадпрымальнай віцяблянкі.

Такім чынам, за некалькі гадоў жанчына прыўлашчыла чужых грошай на агульную суму больш за 235 900 рублёў.

Цяпер яе ўзялі пад варту. Віцяблянку вінавацяць у замаху на завалоданне маёмасцю шляхам падману, здзейсненым у асабліва буйным памеры; крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым паўторна, у буйным памеры.

Сваю віну жанчына прызнала часткова. Ад дачы сведчанняў Яна адмовілася.

Каб кампенсаваць шкоду ад яе дзеянняў следства наклала арышт на маёмасць, якая была ў офісе турфірмы, а таксама аўтамабіль Great Wall Haval M4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі