"Дыялог" ва ўніверсітэтах: на якіх умовах адновяць адлічаных?

Сядзячая акцыя студэнтаў БДМУ / ТГ-канал "Отчислено"
Сядзячая акцыя студэнтаў БДМУ / ТГ-канал "Отчислено"

26 кастрычніка стала "чорным панядзелкам" для беларускіх студэнтаў. Пасля ўдзелу ў акцыях пратэсту навучэнцам некаторых ВНУ давялося развітацца са сваімі альма-матар. Былі выключаны актыўныя студэнты БНТУ, БДМУ, БДУКМ, МДЛУ, БДУІР і БрДТУ.

Як праходзіць дыялог студэнтаў з кіраўніцтвам ВНУ? На якіх умовах рэктараты гатовыя аднавіць адлічаных? Пра тое, што цяпер адбываецца ў неспакойных універсітэтах, Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці вырашыла даведацца ў саміх студэнтаў.

БДМУ: "Скончыце пратэставаць — адновім"

“Диалог” в университетах: на каких условиях восстановят отчисленных?
Студэнты-медыкі

У БДМУ пад раздачу трапілі 20 студэнтаў. У асноўным — удзельнікі сумеснага Маршу пенсіянераў і студэнтаў 26 кастрычніка і тыя, хто на наступны дзень правёў сядзячую акцыю салідарнасці ў падтрымку ўжо адлічаных аднагрупнікаў.

216 выкладчыкаў падпісалі петыцыю аб аднаўленні студэнтаў. Хваля абурэння прывяла да таго, што рэктар Сяргей Рубніковіч пагадзіўся на дыялог. Ініцыятыўная група з шасці студэнтаў сустрэлася з рэктарам. На сустрэчы забаранілі праводзіць аўдыя- і відэаздымку. Таксама туды не пусцілі юрыста, на прысутнасці якога настойвалі студэнты.

Пра што ж там ішла гаворка?

— Рэктар сказаў, што студэнты могуць быць адноўлены толькі на ўмове, калі ў сценах універсітэта не будзе праводзіцца акцый. Вядома, што дваіх аднавілі, але, шчыра кажучы, пакуль нічога не зразумела.

Рэктар назваў падставу для адлічэння: студэнты нібыта прапускалі заняткі. Але ў нас ёсць сістэма электроннага журнала. Да яго нават прыходзіў адзін з выкладчыкаў і сказаў: "Гэта няпраўда, што вы паставілі прагул гэтаму студэнту, таму што ён на маіх парах быў". Гэта значыць, нават тут спрабуюць сфальсіфікаваць, скажам так, — расказвае студэнтка БДМУ Наталля

Еўрарадыё: Вы гатовыя адмовіцца ад пратэстаў на такіх умовах?

— Многія, вядома, з гэтым не згодныя. Нават стварэнне гэтай ініцыятыўнай групы большасць прыняла ў штыкі, таму што з боку студэнтаў гэта было саступкай. Не думаю, што перастанем пратэставаць... Пасля таго, што яны зрабілі, — вельмі сумняваюся.

Рэктар БДУКМ... знікла

“Диалог” в университетах: на каких условиях восстановят отчисленных?
Студэнты Кулька

Па падліках студэнтаў універсітэта культуры, цяпер у спісе адлічаных знаходзіцца 17 чалавек. Афіцыйнай інфармацыі няма дагэтуль.

Еўрарадыё: Вось медыкам рэктар паабяцаў, што адлічаных адновяць, калі яны спыняць пратэсты. У вас была такая дамоўленасць?

— Афіцыйна такой дамоўленасці няма, але да нас амаль кожны дзень прыходзіць хтосьці з дэканата і просіць нікуды не хадзіць і нічога не гаварыць. У цэлым мы не можам пагаварыць цяпер з рэктарам: пасля падпісанага чароўным чынам загада аб адлічэнні хлопцаў і дзяўчат увесь рэктарат знік — на бальнічны! Нам кажуць, што рэктар — кантакт першага ўзроўню. І прыкол у тым, што яна неяк паспела падпісаць загад аб адлічэнні хлопцаў і дзяўчат, знаходзячыся на каранціне. Пры гэтым загад гэты ніхто не бачыў. І азнаёміцца з ім не даюць, — расказвае студэнтка БДУКМ Паліна.

Еўрарадыё: Адлічаныя спрабуюць неяк аднавіцца?

— Яны з адвакатамі з "Сумленных людзей" будуць абскарджваць. Калі наша рэктар яшчэ не пайшла на бальнічны, у размове з адным з хлопцаў яна сказала, што можна паспрабаваць вярнуцца летам.

У МДЛУ "ледзь што — выклікаюць Дэпартамент аховы"

“Диалог” в университетах: на каких условиях восстановят отчисленных?
Выкладчык МДЛУ падчас "дыялогу" са студэнтамі

Па звестках студэнтаў МДЛУ, іх шэрагі парадзелі на 15 чалавек. Студэнтка Марыя расказвае, што ад рэктарата не паступала не толькі ніякай прапановы "здзелкі", але і наогул спробы пагаварыць:

— Нічога такога не было. Нас у прынцыпе не чуюць. Спачатку нас проста цярпелі, а цяпер нават і гэтага няма. Ледзь што — выклікаюць Дэпартамент аховы, яны ўжо самых актыўных у твары ведаюць.

Дзеля справядлівасці, новая рэктар МДЛУ Наталля Лапцева праз некалькі дзён пасля прызначэння, сустрэўшыся са студэнтамі, якія бунтуюць, на лесвіцы, сказала, што была б рада дыялогу ў нейкім іншым фармаце.

Еўрарадыё: Адлічаныя студэнты спрабуюць неяк аднавіцца?

— Аднавіцца цяпер дакладна не атрымаецца, гэта нерэальна. Хлопцы і дзяўчаты кажуць, што вось папярэдні рэктар Баранава праз нейкі час, калі ўсё ўляжацца, штосьці, магчыма, і зрабіла б такое — аднавіла б. Але цяпер адлічваюць без разбору: і пяты курс, і магістрантаў.

БрДТУ: дыялог будзе, чакайце  

“Диалог” в университетах: на каких условиях восстановят отчисленных?
Студэнты БрДТУ выйшлі на акцыю салідарнасці пасля змены рэктара

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адлічылі некалькіх студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі 26 кастрычніка.

Па словах студэнта Дзмітрыя, рэктар спрабаваў правесці дыялог са студэнтамі, якія пратэстуюць, яшчэ да нацыянальнай забастоўкі, але не паспеў:

— У нас спрабаваў арганізаваць дыялог рэктар, але яго памянялі. На апошняй гутарцы актывістаў з адміністрацыяй прарэктар па выхаваўчай рабоце (гідкая цётка) узяла нумар у аднаго са студэнтаў для зносін са студэнтамі праз яго. Пасля гэтага дзевяць студэнтаў адлічылі. Сказалі, дыялог будзе з новым рэктарам і прадстаўнікамі розных аб'яднанняў. Гэта значыць, як я разумею, новы рэктар, адміністрацыя, БРСМ, прафкам (прафкам у нас, дарэчы, добры, толькі баіцца адкрыта быць супраць), пара актывістаў і нехта яшчэ. Але па факце, я думаю, ніякага дыялогу не будзе.

У БНТУ прарэктар прапанаваў ісці ў суд  

“Диалог” в университетах: на каких условиях восстановят отчисленных?
29 кастрычніка ў БНТУ студэнтаў па прозвішчах выклікалі ў рэктарат, дзе вырашалася, адлічваюць іх або не

У БНТУ да адлічэння дапратэставаліся... 52 чалавекі з 10 факультэтаў. У сераду, 28 кастрычніка, па пытанні адлічэнняў прайшла сустрэча рэктара са студэнтамі.

— Ніякіх умоў не выстаўлялі, а толькі сказалі пра камісію, якая будзе разглядаць кожны выпадак паасобку. Як гэта будзе працаваць, я не ўяўляю, — расказвае студэнт Аляксандр. — Ведаю, што цяпер хлопцы і дзяўчаты збіраюць характарыстыкі ад выкладчыкаў, ад арганізацый, каб аднавіцца. Гэтым займаюцца прафкамы і студсаветы. Няма такога, што паднявольны орган дапамагае. Прафкам і студсавет рэальна топяць за студэнтаў.

А яшчэ прарэктар сказаў, што можна адлічэнні праз суды аспрэчыць, але я таксама не ўяўляю, як гэта можна зрабіць, які механізм. Хутчэй за ўсё, проста ваду паліў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі