Дызайнер: Мужчына ў спадніцы ўжо не дзіва, засталося вызначыць яе даўжыню
Яніна Ганчарова, дырэктарка Цэнтра моды і прыгажосці, кіраўніца Belarus Fashion Week аналізуе сучасныя тэндэнцыі мужчынскай моды.
Еўрарадыё: Вы толькі што з Парыжа, дзе праходзіў тыдзень мужчынскай моды. Ці сапраўды ў мужчынскай модзе цяпер дамінуюць жаночыя тэндэнцыі?
Яніна Ганчарова: Я была ў Парыжы на мужчынскім тыдні моды і на паказе от-куцюр. Па маім меркаванні, па прадстаўленых дызайнерскіх калекцыях можна смела казаць, што жаночыя рысы, жаночыя вобразы ўліваюцца ў мужчынскую вопратку дастаткова дынамічна і сёння можна заўважыць, што мужчынская і жаночая вопратка набліжаюцца да стылю унісэкс, альбо нават да жаночага стылю. Элементы жаночага дэкору, крою ў мужчынскай вопратцы сёння ні для каго ўжо не навіна, літаральна 2 ліпеня на паказе дома моды Дыор Марк Джэйкабс сам прысутнічаў на паказе ў белай кашулі і а-ля шорты-спадніца. Такім чынам сёння прапагандуецца такі стыль. І я хачу сказаць, што беларускія дызайнеры не адстаюць ад сучасных актуальных тэндэнцый будучыні. Сёння мужчына ў спадніцы нікога ўжо не здзіўляе, засталося вызначыць толькі даўжыню гэтай спадніцы. На тыдні моды ў Беларусі дызайнер Насця Макей здзівіла ўсіх тым, што апранула мужчын у спадніцападобныя штаны, дастаткова шырокія. Таксама Людміла Тараканава, даволі паспяховы беларускі дызайнер мужчынскай вопраткі, у тэндэнцыі гэтага сезона закладала мужчынскія тунікі. Гэта не зусім як у Еўропе, дзе ўжо апранулі мужчын у спадніцы ці сукенкі. Але гэта кароткія шорты, гэта спадніца-шорты, спадніца-штаны, гэта а-ля тунікі, і вядома гэта дэкор – шмат бранзалетаў, упрыгожанняў, банцікі, бабачкі.
Еўрарадыё: А наколькі, на вашую думку, беларускія мужчыны гатовыя прыняць гэтыя тэндэнцыі?
Яніна Ганчарова: Я думаю, што беларускім мужчынам гэта напэўна і не патрэбна. І не гатовыя яны памяняцца сёння. Тое, што паказваюць сёння на подыуме, ніколі не будзе ў такім фармаце насіцца заўтра ні беларускімі мужчынамі, ні еўрапейцамі. Спажыўцамі моды з подыума з’яўляюцца адзінкі, якія ўжо нейкую нішу ў гэтай модзе займаюць – стылісты, дызайнеры. Тое, што трапіць да нас у продаж – гэта будуць нейкія адгалоскі, наступствы, інтэрпрэтацыі спадніц і жаночых дэкораў. Нават калі людзі думаюць, што яны не маюць аніякага дачынення да моды і апранаюцца ў супермаркетах – мода іх усё адно закранае і ў нейкім выглядзе да іх прыйдзе. Я ведаю, што вядучыя беларускія кампаніі, якія рыхтуюць рэкламныя відэаролікі, ужо выкарыстоўвалі ў рэкламе як вобразы гэтыя штаны-спадніцы. І я думаю, жыхары Беларусі гэта таксама ўбачаць, нейкім бокам гэта ўвойдзе ў нашае жыццё.
Еўрарадыё: Зоркі шоўбізнесу часта набываюць такія эксклюзіўныя рэчы ад вядомых дызайнераў. Калі, на вашую думку, беларускія зоркі выйдуць напрыклад у сукенцы?
Яніна Ганчарова: На маю думку, зоркам беларускай эстрады нестае пэўнай разняволенасці, хоць гэта мужчынскі калектыў, хоць саліст. Апрануць штосьці незвычайнае, быць першым заўсёды складана. І, на жаль, зоркі беларускай эстрады не баяцца быць першымі ў выкананні, у музыцы, але ў знешнім выглядзе, у вобразе яны вельмі стрыманыя. Я адзначаю гэта, бо звяртаю ўвагу, як едуць беларускія каманды на Еўрабачанне, на Новую хвалю. Кантактуючы з зоркамі шоўбізнесу я разумею, каму што можна прапанаваць ці падказаць, але праблема ў разняволенасці гэтых людзей. Для мяне няма складанасці апрануць ні мужчынскую, ні жаночую вопратку, усё залежыць ад чалавека, ад дарэчнасці вобраза. Ніхто ж не кажа, што спявак павінен у сукенцы хадзіць у краму. Але яны павінны быць першымі не толькі ў музыцы, але і ў модзе, у знешнім выглядзе у крэатыўнасці.
Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце, адкуль бяруцца гэтыя жаночыя тэндэнцыі ў мужчынскай модзе? Гэта недахоп новых ідэяў ці наадварот – арганічнае развіццё мужчынскай моды?
Яніна Ганчарова: Падчас парыжскага тыдня моды праходзіў гей-парад. Я думаю, што ў галіне моды працуе шмат мужчын, якія ва ўсім аддаюць перавагу жаночым вобразам, жаночаму гардэробу. Гэта робіць адбітак і на моду. Не хочацца верыць, што мужчыны робяцца слабейшымі і выказваюць гэта праз вопратку.
Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што калі ты дызайнер, то выпадае быць геем, а не наадварот?
Яніна Ганчарова: Гэта абсалютна не ўзаемазвязаныя рэчы. Дастаткова паспяховых дызайнераў маюць сем’і. Паспяховыя мамы з’яўляюцца кіраўніцамі дамоў моды. Калі чалавек таленавіты, то яго прыватныя адносіны аніяк не ўплываюць на яго працу.