Дзеля канцэрта Саладухі "пасунулі" матчы КХЛ у "Мінск-Арэне"
Вядомы беларускі спявак рыхтуецца да яе штурму.
Аляксандр Саладуха кажа, што ўжо “забіў” месцы для афішаў і бігбордаў, і саму дату — 8 сакавіка 2014 года. У канцэртным аддзеле арэны "таксама пра такое чулі".
Менш за чатыры месяцы застаецца да канцэрта Аляксандра Саладухі ў “Мінск-Арэне”. Вясной 2014-га спявак збіраецца паўтарыць подзвіг Макса Каржа і стаць другім беларусам, каму скарылася самая вялікая крытая пляцоўка краіны. Пра гэты намер ён абвясціў падчас сольнага канцэрту ў Палацы спорту яшчэ ў сакавіку 2012-га.
Праз два месяцы Саладуху споўніцца 55 гадоў, але ён здзіўляе сваёй актыўнасцю. Артыст вядомы нестандартнымі метадамі збору гледачоў на канцэрты: перад апошнім буйным “сольнікам” ён абтэлефанаваў больш за 400 мінскіх прадпрыемстваў, прапануючы квіткі. Еўрарадыё вырашыла запытацца ў артыста, ці пачаў ён рыхтавацца да эпахальнага канцэрту.
“Я дамовіўся за 15 месяцаў да пачатку канцэрта. Хлопцы, вы спіце, ці што? У лістападзе 2012 года я забіў гэтае чысло — 8 сакавіка 2014 года! — хваліцца Еўрарадыё Аляксандр Саладуха. — Дырэктар сказаў: “Малайчына, правільна зрабіў! Прыйшоў бы ў 2013-м — правароніў бы”. Бо каляндар хакейных матчаў КХЛ складаецца ў Маскве. Але мая заяўка пададзеная яшчэ ў 2012 годзе, таму гэтае чысло забітае”.
У “Мінск-Арэне” Саладуха прэзентуе новы альбом — “Верное сердце”. Дзесяць песень гэтай праграмы складуць першае аддзяленне канцэрта. Хутчэй за ўсё, альбом выйдзе ў студзені 2014 года, да дня нараджэння артыста.
Каб даведацца пра падрыхтоўку да выступу Саладухі, Еўрарадыё тэлефануе ў аддзел па арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў “Мінск-Арэны”. І там нас неспадзявана расчароўваюць:
“Пакуль што канцэрт не рыхтуецца, і дамовы ў нас няма”.
Але дадаюць, што дата — 8 сакавіка 2014 года — пакуль што не занятая. Так што ў Аляксандра Саладухі ёсць усе шанцы!