Дзень Сяргея Жадана ў Мінску: прэзентацыя кнігі і вялікі канцэрт

4 чэрвеня ў Мінск прыехаў Сяргей Жадан - знакаміты харкаўскі літаратар, рок-зорка ўкраінскай літаратуры. У 14.00 у кнігарні “ЛогвінаЎ” мусіў адбыцца абед з Жаданам. Але паэт і яго музычны гурт "Сабакі ў космасе" на яго спазніліся з-за чаргі праз мяжу. Таму "абедалі" мінчукі з усемагутнымі Сяргеем Будкіным і Андрэем Хадановічам.


Андрэй Хадановіч прэзентаваў кнігу беларускіх перакладаў Сяргея Жадана "Украінскія авіялініі", у якой прадстаўлена рэтраспектыва творчасці топавага ўкраінскага паэта: Жадан сучасны і Жадан да 2000-га года.


"Доўгі час я думаў, што зраблю персанальнага Жадана, як бы свайго, - я перакладаю яго гадоў 15! — распавядае Андрэй Хадановіч.Кніжку складаюць самыя новыя тэксты 2015 года, "Жыццё Марыі"  выбарка гэтых вершаў з'явілася па-беларуску адначасова з аргіналам. А потым "Вагнястрэльныя і нажавыя", "Марадонна", "Эфіопія", правакацыйны цыкл "Лесбійкі" амаль цалкам і да самага 2000-га года. Тут усе тыя тэксты, што я адкрываў для сябе. Было адчуванне, што я адкрыў для сябе найлепшага паэта, у якога гатовы платанічна закахацца і перакладаць. І мне на той момант здавалася, што нічога лепшага быць не можа. Гэта як з альбомамі "Бітлз". А потым праходзіў час, з'яўлялася новая кніжка, і аказвалася, што можна лепей".


У выніку да сваіх перакладаў Хадановіч дадаў пераклады "11-ці сяброў Жадана", сярод якіх Алесь Аркуш, Віталь Рыжкоў, Уладзімір Арлоў і іншыя.


Увечары 4 чэрвеня а 19-й у сталічным Jack Club пройдзе вялікі канцэрт Сяргея Жадана і яго ска-панк-гурта "Сабакі ў космасе". А заўтра кампанія возьме ўдзел у запісе песні да праета Global Reload, які ладзіць сайт tuzin.fm і кампанія "Будзьма беларусамі" і ў якім замежныя зоркі спяваюць на сваёй мове беларускія песні ці паэзію.


"Сяргей абраў тэкст Лявона Вольскага і Уладзя Давыдоўскага "Я рок-музыкант" з рэпертуара "Мроі", запіс песні адбудзецца пасля канцэрта. Жадан сам пераклаў песню з беларускай на ўкраінскую, прычым надаў зусім іншы сэнс гэтай песні, і загучыць яна ў хуліганскім ска", — прарэкламаваў праект Сяргей Будкін.


Дарэчы, цяпер "Сабакі ў космасе" знаходзяцца ў еўрапейскім туры. Пасля канцэрта ў Мінску яны выступяць у Варшаве, гарадах Германіі і Чэхіі.

Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі