Джэй Ло зайшла не ў тыя дзверы, беларускі сілавік загінуў у ЗША — #ІхНоравы

Кароткі агляд міжнародных навін

Кароткі агляд міжнародных навін / @rubanau_collage

Амерыканская спявачка Джэніфер Лопес здолела зганьбіцца адначасова і перад праціўнікамі вайны ва Украіне, і перад прадстаўнікамі ЛГБТК+. Як такое магчыма? Пра гэта і не толькі — у нашым аглядзе міжнародных навін.  
 

Starlink на службе РФ: Маск абвяргае, журналісты пацвярджаюць

Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск пракаментаваў інфармацыю пра тое, што расійскія войскі выкарыстоўваюць ва Украіне тэрміналы Starlink. У X (экс-Twitter, які належыць Маску) бізнесмен назваў гэтыя паведамленні ілжывымі, заявіўшы, што амерыканскае аэракасмічнае прыватнае прадпрыемства SpaceX не прадае Расіі гэтыя тэрміналы.

"Гэта катэгарычна не так. Наколькі нам вядома, ніводнага Starlink не прадалі Расіі прама ці ўскосна", — напісаў ён.

У каментарах у Маска спыталі, ці даведаецца кампанія, калі тэрмінал актываваны ў Расіі. "Спадарожнікі Starlink не будуць блакаваць сувязь у Расіі", — адказаў ён.

Апошнім часам з'явіліся паведамленні пра тое, што расіяне масава выкарыстоўваюць гэтыя тэрміналы на акупаваных тэрыторыях Украіны. Адзін з карыстальнікаў X пісаў, што Расія купляе іх праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Ва ўкраінскай разведцы пацвердзілі гэтую інфармацыю, апублікаваўшы перахоп размовы расійскіх вайскоўцаў. Па дадзеных ГУР, тэрміналы ўсталяваныя ў падраздзяленнях расійскай 83-й Асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе.

Тым часам тэрміналы Starlink "спецыяльна для СВА" можна купіць у прыватных прадаўцоў у Расіі. Іх кошт — ад 450 да 2800 еўра, высветлілі "Важные истории". Як табе такое, Ілан Маск? Што з тварам і з абвяржэннямі?

Журналісты выдання пад выглядам валанцёраў паразмаўлялі з прадстаўнікамі трох расійскіх пляцовак, дзе тэрміналы Starlink прадаюцца для фронту. Абсталяванне працуе толькі побач з украінскімі межамі. Двое суразмоўцаў журналістаў удакладнілі, што кабінет прылады падключаецца да сеткі праз Польшчу.
 

Забойца Apple Vision Pro?

Кампанія Brilliant Labs паказала разумныя акуляры Frame. Яны важаць 39 грамаў, каштуюць $350 і могуць працаваць без падзарадкі цэлы дзень. Вонкава падобныя на звычайныя афтальмалагічныя акуляры, але з двума празрыстымі лінзамі-дысплеямі.

Frame выкарыстоўвае некалькі нейрасетак — у тым ліку і Chat GPT-4. У якасці прыкладу ўзаемадзеяння распрацоўшчыкі прыводзяць наступную сітуацыю: вы ўбачылі ў гандлёвым цэнтры красоўкі, яны вам спадабаліся. Але іх кошт — не спадабаўся. Можна папрасіць акуляры пашукаць такія ж красоўкі ў інтэрнэт-краме і параўнаць кошты.

Разрозненне кожнай лінзы складае ўсяго 640х400 пікселяў. Акумулятары мацуюцца ў дужках. Прадавацца Frame пачнуць у сярэдзіне красавіка. 

Джэй Ло зайшла не ў тыя дзверы, беларускі сілавік загінуў у ЗША — #ІхНоравы
Аўчарка Нікс / facebook.com/RockfordIllinoisPoliceDepartment

У ЗША застрэлілі аўчарку з Беларусі, якая служыла ў паліцыі з 2018 года. 28-гадоваму забойцу пагражаюць дзясяткі гадоў зняволення.

У канцы студзеня ў прыгарадзе Чыкага Рокфардзе ў штаце Ілінойс паліцэйскія прыехалі на выклік пра выпадак хатняга гвалту. Падазраваны паспрабаваў уцячы, пачалася пагоня. Аўчарка Нікс дагнала мужчыну, але ён стрэліў у яе. Далей адбылася перастрэлка зламысніка з паліцэйскімі, у выніку якой яго паранілі і затрымалі. А аўчарка памерла, калі ёй спрабавалі аказаць дапамогу.

Нікс было сем гадоў. Навучанне па выяўленні наркотыкаў, адсочванні людзей і затрыманні яна прайшла ў канцы 2018-га і была залічаная ў кіналагічны атрад. У памяць пра сабаку з Беларусі ў Рокфардзе 17 лютага правядуць паніхіду.
 

Як зганьбіцца за $5 млн — парада ад Лопес

Джэніфер Лопес трапіла ў скандал праз выступ на адкрыцці новага гатэля ў Дубаі. Спявачка праспявала перад гасцямі, сярод якіх былі і расійскія артысты, што падтрымліваюць вайну ва Украіне. На мерапрыемстве заўважылі вядоўцу Андрэя Малахава, акторку Раўшану Куркову, вядучую Алену Лятучую.

Як піша PinkNews, Лопес таксама раскрытыкавалі і прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці — праз сам факт выступу ў Дубаі. Справа ў тым, што там дзейнічае адно з самых жорсткіх абмежаванняў правоў ЛГБТК+ у свеце: аднаполыя сексуальныя адносіны караюцца турэмным зняволеннем.

Выданне адзначае, што за выступ на адкрыцці элітнага гатэля One&Only One Za'abeel у Дубаі сусветнай зорцы заплацілі каля 5 мільёнаў долараў.

Актывіст па абароне правоў ЛГБТК+ Пітэр Тэтчэл сказаў у інтэрв'ю The Sun, што "вельмі сумна, што такая даўняя саюзніца ЛГБТК+, як Джэніфер Лопес, гатовая паставіць грошы вышэй за правы чалавека".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі