Джэймс Забэла: "Лепш пампуйце маю музыку і слухайце, чым не слухайце ніколі

Прыгожы, з яснымі вачыма і сонечнай усмешкай, Джэймс Забэла (James Zabiela) – брытанскі ды-джэй, які ўваходзіць у 20 лепшых у свеце – на мінулым тыдні запальваў публіку на вялікім рэйве, які праходзіў у Сілічах.
Пасля свайго сэту Джэймс выйшаў да журналістаў і мужна пратрымаўся 16 хвілін і 45 секунд, адказваючы на пытанні.


ЕРБ: Ты толькі што адыграў свой сэт, упершыню ў Беларусі. Зразумела, што для нас гэта было асаблівае выступленне, а для цябе? Як звычайна?

JZ: Гэты рэйв у Мінску – фактычна першая вялікая падзея ў гэтым годзе, дзе я граю.

ЕРБ: То бок ты адкрыў летні сезон?

JZ: Так, гэты рэйв сапраўды адкрыццё сезону. І ён шыкоўны. Мне вельмі спадабалася публіка. Я, шчыра кажучы, нават расхваляваўся – столькі людзей, такая “біг-паці”. Яшчэ назіраў за акцёрамі, якія выступалі на сцэне перад намі, мне падалося, што яны хваляваліся яшчэ больш, чым я. Але ўсё было добра! Публіка вельмі шчырая, такая сяброўская, цёплая. Так што ўсё хваляванне хутка прайшло.

ЕРБ: Дарэчы, як табе спадабаўся перформанс пад час твайго сэту?

JZ: О, цудоўна! Сцэнічнае прадстаўленне было вельмі цікавым і вясёлым. Я да такога не прызвычаіўся. Нават здзівіўся! Асабліва мяне ўразілі вялікія палаючыя шары. Гэта было прыкольна, але і страшна. Хлопцы, якія рабілі фаер-шоў… Я ўсё глядзеў на іх і думаў, каб, часам, яны мяне не падпалілі. Вогнішча-фобія ў мяне нейкая!



ЕРБ: Які твой любімы фэст? Па-ранейшаму Exit Festival у Сербіі?

JZ: Так, праўда. Мне вельмі там спадабалася.

ЕРБ: Але чаму? Што ў ім такога асаблівага?

JZ: Калі я ехаў на Экзіт, я ўвогуле не ўяўляў сабе, што гэта будзе. І тое, што я пабачыў на фэсце, было для мяне вялікім сюрпрызам. Напэўна таму я лічу Экзіт лепшым фэстам. Прыемна, калі цябе нешта здзіўляе! Я, нават, памятаю свае ўражанні: крэпасць, восем раніцы, узыходзіць сонейка – у-у-у, валасы ўздымаюцца ад прыгажосці!

ЕРБ: Чаму ў гэтым годзе ты не выступаеш на фэсце Global Gathering ва Украіне?

JZ: Дакладна не памятаю, у чым прычына. У мінулым годзе было ўсё крута, магчыма, у наступным годзе я буду ўдзельнічаць у гэтым фэсце.

ЕРБ: Прайшлі чуткі, сёлета цябе можна будзе пабачыць на Казантыпе. Гэта праўда?

JZ: Так, я там буду граць у апошні дзень, на закрыцці фэсту.

ЕРБ: Магчыма, што ты калі-небудзь прыедзеш у Мінск з Нікам Фанчулі і вашым сумесным праектам One+One?

JZ: Можа калі-небудзь і прыедзем, чаму не. Мы добрыя сябры з Фанчулі, таму і пачалі калісьці працаваць разам. Але на дадзены момант мы працуем кожны над сваім матэрыялам. Магчыма, у будучым мы зноў станем рабіць што-небудзь разам, пабачым. Але зараз – вельмі мы ўжо стаміліся адзін ад аднаго.



Калі размаўляеш з Джэймсам Забэлам, ды-джэям, які дае сваім трэкам такія назвы як “Рабафобія”, “Квантавыя рэальнасці”, “Андроід”, “Я-камп’ютар”, то вельмі натуральна хочацца спытаць яго думкі наконт космасу, робатаў і квантавай фізікі. Таму наступны блок пытанняў, калі ласка, менавіта пра гэта.


ЕРБ: Джэймс, а робатаў ты з сабой прывёз?


JZ: Не, у гэты раз не! Таму што людзі і так мне іх дораць, бо ведаюць што я вялікі фанат робатаў. Мне ўжо не патрэбна вазіць іх з сабой. Я думаю, мне трэба быць асцярожным, калі я паеду ў Японію, бо ў іх там вельмі шмат робатаў!!!

ЕРБ: Калі хто-небудзь створыць камп’ютарную гульню, якая будзе называцца James Zabiela, ты будзеш у яе гуляць?

JZ: Не! Мне здаецца, гэта ўжо занадта эгаістычна, ці што. Але пабываць у камп’ютарнай гульні – было б файна!

ЕРБ: Джэймс, з якой ты ўсё ж такі планеты?

JZ: Мне хочацца думаць, што я адсюль, але часамі я сумняваюся. Мяне здзіўляе, што адбываецца навокал.

ЕРБ: Як бы ты апісаў музыку, якая гучыць у чорных дзірах?

JZ: У чорных дзірах? Там увогуле няма музыкі, там жа няма паветра і прасторы, значыць няма і гуку.

ЕРБ: Але калі б ты ўзяўся напісаць трэк для чорных дзірак, якая б гэта была музыка?

JZ: Ммм. Мне знаецца мінімал-тэхна, нешта гэтага кшталту (смяецца).

ЕРБ: Дарэчы, што табе больш падабаецца, пісаць музыку ці граць яе?

JZ: І тое, і другое! Лепш за ўсё спачатку стварыць штосьці сваё, а пасля гэта круціць. Я, між іншым, сёння сыграў некалькі сваіх новых трэкаў! Good feeling.

ЕРБ: Калі казаць пра квантавую рэальнасць... Ну, у тваім альбоме ёсць трэк, які называецца “Квантавая рэальнасць”... У якіх каардынатах ты жывеш? Прастора, час?... Што-небудзь яшчэ?

JZ: О-оу... Вельмі глыбіннае пытанне, асабліва а чацвёртай раніцы. Я сябе цяпер адчуваю як тая чорная дзірка.

ЕРБ: Тады пытанне прасцей... Пра тэхналогіі! За вытворчасць чаго ты ўдзячны чалавецтву?

JZ: За мікрачып!



Несур’езна адпусціць ды-джэя, не запытаўшыся ў яго пра музыку, любімых выканаўцаў і стаўленне да вольнага пампавання музыкі ў Інтэрнэце.

ЕРБ: Джэймс, скажы, калі ласка, як доўга трэба вучыцца, каб граць так, як ты?

JZ: Я не ведаю... Я нічога спецыяльнага не раблю для гэтага, не практыкуюся кожны дзень, нават не думаю пра гэта. Я проста граю. І чым больш граю, ты лепш атрымліваецца. Яно неяк само.

ЕРБ: Але як доўга?

JZ: Гэта залежыць ад таго, як хутка ты вучышся. Мне здаецца, цяпер ды-джэі павінны рабіць значна больш, чым проста ставіць адзін запіс за другім, гутарка ідзе пра тое, каб змяняць рэчы, рабіць іх унікальнымі дзякуючы розным эфектам.

ЕРБ: І ты робіш гэта шыкоўным чынам!

JZ: Дзякуй.

ЕРБ: Слухай, ты так шмат вандруеш, па тры выступленні на тыдзень. Калі знаходзіш час пісаць музыку?

JZ: А я пішу яе ў аэрапортах, на сваім лэптопе.

ЕРБ: Якую музыку ты слухаеш? Хто твой любімы ды-джэй?

JZ: Ды шмат іх! Можа Саша (Sasha), Нік Фанчулі (Nic Fanciulli). А слухаю – Піта Гэбрыэла, Bloor, Interpol, Band of Horses.. Ды ўсё! Але, ведаеце, ніякай танцавальнай музыкі, бо трэба ж недзе браць натхненне!

ЕРБ: Ці спадабаліся табе ды-джэі, якія гралі разам з табой на галоўнай танцпляцоўцы?

JZ: Крута! Я люблю абодвух гэтых хлопцаў! Насамрэч я граў вельмі шмат музыкі, якую яны зрабілі, асабліва Эліт Форса – я вялікі яго прыхільнік. А з Міт Каці мы разам рабілі СD для вокладкі часопіса DJ Mag. Так што добра ведаю іх!

ЕРБ: Як ты ставішся да вольнага пампавання музыкі ў Інтэрнэце? Увогуле, сам як робіш? Набываеш ці пампуеш?

JZ: Я набываю музыку, бо гэта мая праца. Мне здаецца, гэта было б няправільна, калі б я яе краў. Але кожную сітуацыю трэба разглядаць асобна. Калі казаць пра сваю музыку, то людзі, якія не маюць магчымасці набыць мае дыскі, няхай лепш спампуюць яго з Інтэрнэту і паслухаюць, чым не паслухаюць ніколі. Але гэта маё асабістае меркаванне і толькі наконт маёй музыкі.



Myspace DJ James Zabiela
Фота: Вольга Карэлкіна, Міла Котка

P.S. Хутка чакайце вялікае эксклюзіўнае інтэрв'ю з брытанскім ды-джэем Міт Каці (Meat Katie), яшчэ адным хэдлайнерам рэйву ў Сілічах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі