Джонатан Мур: Прамой сувязі паміж “Амбасовішчам” і падарожжам у ЗША няма

Пакуль усе музыкі распавядалі, як ім “Амбасовішча”, Еўрарадыё запытала ў Джонатана Мура, як яму беларускія музыкі.
Джонатан Мур — часовы павераны ЗША ў Беларусі — з'яўляецца адным з арганізатараў фэсту “Амбасовішча”, які ладзіцца пяты год у рэзідэнцыі пасла ЗША. Сам Мур прысутнічае ўжо на чацвертым фэсце і вельмі гэтаму рады.

Таксама спадар Мур з задавальненнем пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў Еўрарадыё — пра фэст, магчымасць беларускім гуртам паехаць у ЗША і ўвогуле пра развіццё музычнай сцэны.



Еўрарадыё: Спадар Мур, ці з’яўляецца “Амбасовішча” важным мерапрыемства для амерыканскай амбасады?
 
Джонатан Мур: Так, для амбасады гэта вельмі вялікая адказнасць — арганізоўваць штогод такога кшталту мерапрыемства. І, на маю думку, фестываль “Амбасовішча” добра развіваецца.
 
Мы ў амбасадзе шмат размаўляем пра палітыку, пра эканамічную сітуацыю, але нас, і асабіста мяне, таксама цікавяць культура, інфармацыя і магчымасць паразумення паміж рознымі людзьмі. Таму і паўстаў фестываль “Амбасовішча”, таму ён і паўтараецца штогод.
 
“Амбасовішча” — гэта таксама пляцоўка для самавыражэння, дзе пануе поўная свабода. Беларускія гурты могуць паказаць свой талент так, як яны гэта бачаць. А мы, амбасада, між іншым маем магчымасць прэзентаваць беларусам вельмі таленавіты амерыканскі гурт — The Gifted Children.
 
Я даўно працую дыпламатам, і магу сказаць, што часам вельмі стамляешся ад звычайных афіцыйных прыёмаў, а “Амбасовішча” — гэта добрая магчымасць у нефармальнай і камфортнай абстаноўцы паказаць амерыканскую гасціннасць і пабыць разам з беларускімі людзьмі.



Еўрарадыё: Мы больш чым упэўненыя, што некаторыя гурты свой выступ на “Амбасовішчы” расцэньваюць як шанец патрапіць у ЗША, а нават і з канцэртамі.
 
Джонатан Мур: Прамой сувязі паміж “Амбасовішчам” і падарожжам у ЗША няма. Тым не менш, некаторыя гурты, якія выступалі на папярэдніх фэстах, ужо з’ездзілі ў Амерыку. І ў некаторых выпадках мы дапамагалі ім знайсці патрэбныя кантакты.
 
Калі падарожжа ў ЗША — гэта прадпрымальніцтва, калі гурты хочуць паехаць туды з канцэртамі, каб зарабіць тым самым грошы, то гэта ўжо больш складаная справа.

Але ўсё магчыма, таму я ўжо параіў некаторым беларускім гуртам больш актыўна прасоўваць сябе праз інтэрнэт, выкладваць сваю музыку ў сэрвіс I-tunes, каб яе можна было спампаваць. Усё гэта дапаможа атрымаць большую вядомасць, а, значыць, і больш шансаў, каб паехаць з канцэртамі ў Амерыку.
Нават на прыкладзе вашага радыё, Еўрарадыё, мы бачым, што інтэрнэт-вяшчанне cапраўды вельмі важнае.
 
Але перш за ўсё, канечне, важна быць тут, сярод таленавітых маладых беларусаў.



Еўрарадыё: Спадар Мур, вы ў пэўным сэнсе ўжо прамоўтар, бо ладзіце фестываль. Што думаеце пра развіццё беларускай музыкі?
 
Джонатан Мур: Беларускія гурты, безумоўна, развіваюцца. Гэта тое, што можна заўважыць нават толькі па выступленнях на “Амбасовішчы”.

Яшчэ я заўважыў, што шмат гуртоў змянілі свой стыль, і тыя, што гралі тут 4 гады таму, зараз ужо гучаць па-іншаму. Можа, гэта звязана з тым, што склады гуртоў змяніліся. У выніку некаторыя зрабіліся больш традыцыйнымі, некаторыя, наадварот, больш мадэрновымі.

Але, безумоўна, ўсе ўдасканалілі сваё гучанне. І мы жадаем, каб усе гэтыя гурты былі пачутыя беларускай аўдыторыяй.
 
А наконт наступнага “Амбасовішча” магу сказаць, што яно дакладна будзе.

Еўрарадыё дзякуе за дапамогу ў сінхронным перакладзе з англійскай Максу Івашыну.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі