Джонатан Мур: “Сітуацыя з нашай амбасадай надзвычайная "

Абвяшчэнне 10 амерыканскіх дыпламатаў персонамі нон-грата Часовы павераны ЗША ў Беларусі Джонатан Мур назваў неабгрунтаваным і нелегітымным. Па яго словах, эканамічныя санкцыі супраць Беларусі будуць пашырацца і ЗША па-ранейшаму будзе патрабаваць вызвалення ўсіх палітзняволеных. І паабяцаў, што фестываль беларускай музыкі "Амбасовішча” абавязкова пройдзе і сёлета. Як заўсёды, на тэрыторыі ЗША ў Раўбічах.
У сераду 30 сакавіка Часовы павераны ЗША ў Беларусі Джонатан Мур атрымаў ад беларускага МЗС спіс з 10 амерыканскіх дыпламатаў, якіх афіцыйны Мінск аб’явіў персонамі нон-грата. У адпаведнасці з Венскай канвенцыяй, пералічаныя ў спісе дыпламаты павінны пакінуць нашу краіну на працягу 72 гадзін. Як паведаміў Часовы павераны журналістам на прэс-канферэнцыі, што прайшла праз некалькі гадзін пасля наведвання ім беларускага МЗС, дзеянні афіцыйнага Мінску ён лічыць неапраўданымі, неабгрунтаванымі і нелегітымнымі. Разам з тым дыпламат папярэдзіў беларускі бок, што гэта ніякім чынам не вырашае галоўнага пытання – наяўнасці ў Беларусі палітзняволеных.

Джонатан Мур: “Для Злучаных Штатаў больш важным пытаннем з’яўляецца наяўнасць і колькасць палітычных зняволеных у Беларусі, чым колькасць амерыканскіх дыпламатаў. Я адразу ў МЗС папярэдзіў, што сітуацыя з палітзняволенымі прывядзе да вельмі сур’ёзных наступстваў”.

Дыпламат нагадаў, што сёння колькасць такіх палітзняволеных павялічылася да трох чалавек: Аляксандр Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. Акрамя таго, Злучаныя Штаты занепакоеныя станам здароўя Эмануіла Зельцэра. Амерыканскага адваката адправілі за краты 12 сакавіка, і з таго часу прадстаўнікам амерыканскай амбасады дазволілі наведаць яго толькі двойчы. Падчас другога наведвання, 25 красавіка, дыпламаты заўважылі, што здароўе Зельцэра значна пагоршылася, а неабходныя лекі яму прымаць не дазваляюць.

Адказваючы на пытанне журналістаў, Джонатан Мур пацвердзіў, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі будуць не толькі працягнуты, але і пашыраныя. Праўда, зазначыў, што гэта ніяк не звязана з “дыпламатычным скандалам”.

Джонатан Мур: “Пытанні эканамічных санкцый наўпрост звязаныя з пытаннямі правоў чалавека. І яны не залежаць ад таго, што адбываецца з нашай амбасадай. Калі ў студзені пачаўся працэс вызвалення палітзняволеных, мы далі зразумець, што спадзяемся на тое, што працэс дойдзе да лагічнага завяршэння і будуць вызваленыя ўсе, уключна з Аляксандрам Казуліным. Аднак ён не працягнуўся, а павярнуўся ў адваротны бок. А пакуль будуць палітзняволеныя, будуць і эканамічныя санкцыі”.

Па яго словах, эканамічныя санкцыі, хутчэй за ўсё, будуць пашырацца. Але якія яшчэ беларускія прадпрыемствы можа напаткаць лёс “Белнафтахіму”, дыпламат не ўдакладніў. Як і не сказаў, ці сапраўды існуюць асабістыя рахункі прэзідэнта Лукашэнкі, якія былі замарожаныя. Кажа, дастаткова таго, што ЗША валодаюць дакладнай інфармацыяй пра тое, што ўсе грошы “Белнафтахіму” кантралююцца ім асабіста.

Джонатан Мур: “Асноўныя санкцыі па перасоўванні і замарожванні рахункаў былі ўведзеныя пасля выбараў 2006 года. Увядзенне эканамічных санкцый былі скаардынаваныя з еўрапейскімі краінамі. Са свайго боку, мы пашырылі санкцыі, распаўсюдзіўшы іх на замарозку рахункаў Лукашэнкі, з дапамогай санкцый супраць “Белнафтахіму”, які непасрэдна кантралюецца ім. Аднак я не магу сказаць, што нейкія з яго асабістых рахункаў былі замарожаныя”.

Што тычыцца далейшай працы амбасады і магчымасці атрымання беларусамі віз у ЗША, то дыпламат адзначыў, што яны ў Мінску будуць выдавацца толькі ў надзвычайных выпадках, усіх астатніх грамадзян перанакіроўваюць у амбасады суседніх краін.

Еўрарадыё: “Палітаглядальнікі па-рознаму называюць сённяшнюю сітуацыю. Адны кажуць, што гэта дыпламатычная вайна. Другія — што ідзе востры палітычны дыялог. Трэція — што гэта такі гандаль за палітычных зняволеных. Калі гэта вайна, то да ваенных дзеянняў якога ўзроўню гатовыя дайсці ЗША? Калі дыялог, то на колькі часу хопіць яго цярпення весці ў такіх танах? Калі гандаль, колькі будуць згодныя заплаціць ЗША за выкананне сваіх патрабаванняў?”

Джонатан Мур: “Як дыпламат хачу сказаць, што самым важным пытаннем для нас з’яўляецца сітуацыя з правамі чалавека. Што тычыцца зробленых у дачыненні да нашай амбасады крокаў, то я не стаў бы іх адносіць ні да адной з названых вамі катэгорый. І падчас размоў з маімі калегамі дыпламатамі ўсе пагаджаюцца, што гэта надзвычайны выпадак, калі патрабуюць скарачаць колькасць дыпламатаў на ўмовах парытэту. Нікога з маіх калег не называлі персонамі нон-грата за тыя дзеянні, якія яны як дыпламаты робяць. Сітуацыя такая, што беларускія ўлады папросту хочуць скараціць штат нашых супрацоўнікаў. І гэта абсалютна беспрэцэдэнтна ў міжнароднай практыцы”.

Еўрарадыё: “Пасля скарачэння штату супрацоўнікаў амбасады і ўзнікнення складанасцяў у яе працы ці не будуць перапыненыя гуманітарныя, культурныя і навучальныя праграмы, якія праводзіліся амбасадай альбо пры яе падтрымцы? Ці пройдзе сёлета “Амбасовішча”?

Джонатан Мур: “Ёсць шмат праектаў, уключна з “Амбасовішчам”, якія, спадзяюся, мы будзем здольныя працягваць. Мы толькі сёння атрымалі гэтыя непрыемныя навіны пра скарачэнне штату, і мы пакуль толькі разважаем, як мы будзем працаваць і што рабіць. Але я сапраўды спадзяюся, што на той час, пакуль я буду з’яўляцца Часовым павераным у Беларусі, мы будзем працягваць гэтыя праграмы. І сустрэнемся на "Амбасовішчы"!”

Па словах дыпламата, вельмі важна, што ў год, калі ў ЗША праходзяць выбары прэзідэнта, надаецца ўвага і Беларусі. Рэспубліканцы і дэмакраты ўважліва сочаць за падзеямі, што тут адбываюцца. Усе тры кандыдаты вельмі сур’ёзна заклапочаныя парушэннямі правоў чалавека ў нашай краіне. І таму дыпламат ўпэўнены, што і пасля выбараў у ЗША стаўленне да Беларусі не зменіцца.

На пытанне, ці будуць ЗША і далей няўхільна патрабаваць вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі, Часовы павераны адказаў коратка і па-беларуску: “Так!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі