Джуд Лоў зняўся ў кароткім фільме па сцэнарыі Мікалая Халезіна

Джуд Лоў далучыўся да каманды "Свабоднага тэатра" на здымках серыі кароткіх фільмаў. Лоў зняўся ў фільме, сцэнарый якога напісаў Мікалай Халезін і адаптавала Лора Уэйд — драматург, вядомая па хітовай п'есе "Posh" тэатра "Royal Court".

“Здымкі праходзілі ў лонданскім аэрапорце Станстэд і завяршыліся два дні таму. Цяпер ідзе постпрадакшн, — распавядае Еўрарадыё Мікалай Халезін. — У фільме два персанажы, іх граем Джуд Лоў і я. Два чалавекі размаўляюць на розных мовах, але ў нейкі момант прыходзіць узаемапаразуменне. Яны дапамагаюць адно аднаму: адзін — псіхалагічна, іншы — рэальна”.

Праект прадзюсуюць "Guardian" і тэатр "Young Vic". Цягам года яны абяцаюць выпусціць чатыры стужкі.

“Штогод “Guardian” і “Young Vic” абіраюць 3-4 найбольш значныя тэатральныя пастаноўкі, аўтары якіх атрымліваюць магчымасць зняць кароткія фільмы. Сёлета ў чацвёрку ўвайшоў “Свабодны тэатр”. Кожны тэатр падыходзіць да здымак стужкі па-свойму. Можна зрабіць алюзію на ўласны спектакль, “перацягнуць” яго ў сучаснасць, — працягвае Мікалай Халезін. — Але ў нас гісторыя іншая. Ідэю для сцэнарыя падказала Наталля Каляда, я напісаў тэкст, а Лора Уэйд адаптавала рэплікі і асобу брытанскага персанажа. Сюжэт заснаваны на дакументальным матэрыяле, як і нашы спектаклі. Дарэчы, “Свабодны тэатр” з’яўляецца рэзідэнтам “Young Vic”. Мы рэгулярна граем на яго сцэне. Наступны сэт — з 30 траўня па 15 чэрвеня, будзе ісці спектакль “Trash Cuisine”.

У 2002 годзе Джуд Лоў граў у "Доктары Фаўсце" Крыстафера Марлоў у пастаноўцы тэатра "Young Vic". Цягам апошніх гадоў ён падтрымлівае "Свабодны тэатр". Мікалай Халезін кажа, што гісторыя, выкладзеная ў фільме, гэта ў пэўным сэнсе алегорыя яго ўзаемаадносін з Джудам Лоў, а шырэй — гісторыя ўзаемадзеяння брытанскага і беларускага тэатраў.

А наступнай у серыі будзе стужка, якую прыдумаў і зняў лаўрэат апошняй Прэміі Лоўрэнса Аліўе, акцёр Чыветэлу Эджыафор. Ён таксама належыць да каманды тэатра "Young Vic": летась ён граў у пастаноўцы п'есы Эмэ Сэзара "Сезон у Конга", паведамляе “Guardian”.

Фота: 0e6.net.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі