Дзве расійскія кампаніі могуць не аднавіць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь
Даччыныя прадпрыемствы "Татнафты" і "Газпрама", магчыма, не будуць аднаўляць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч, які курыруе ТЭК.
"Можа і не адновяць. Па-мойму, ім нявыгадна ўжо гэта рабіць", — перадае ria.ru словы Дварковіча, у якога спыталіся, ці аднавілі кампаніі пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь пасля прыпынення.
Раней Дварковіч казаў, што расійскія ўлады рэкамендавалі прыпыніць пастаўку нафтапрадуктаў у Беларусь дзвюм кампаніям — ТАНЕКО і "Газпрам Нафтахім Салават" — гэта даччыныя кампаніі "Татнафты" і "Газпрама". Рашэнне было выкліканае падазрэннямі, што гэтыя кампаніі займаюцца аптымізацыяй падаткаў і пошлін.
Цяпер Дварковіч паведаміў, што ніякія рашэнні аб аднаўленні паставак не патрэбныя. "Я ўжо тлумачыў: як высветлілася, ТАНЕКО яшчэ да маёй рэкамендацыі прыпыніла экспарт", — дадаў ён.