Дзвюх дзяўчат у Віцебску асудзілі за лампадкі ў памяць ахвяраў Чарнобыля
29 красавіка суд Кастрычніцкага раёну Віцебска разгледзеў справу Лізаветы Кірыенка і Марыі Амасовіч. Дзяўчат затрымалі яшчэ 26 красавіка за лампадкі, якія яны запалілі каля царквы ў дзень Чарнобыльскай трагедыі, піша "Віцебская Вясна".
Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў іх дзеянні несанкцыянаваным пікетаваннем (арт. 24.23 КаАП) і пакараў абедзвюх дзяўчат арыштам.
Абедзве дзяўчыны не прызналі сваёй віны. Яны заявілі, што не пікетавалі, а толькі ўшаноўвалі памяць ахвяр катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "Каля храма на той момант нават мінакоў мы не бачылі", — сказала на судзе Амасовіч.
У рапарце міліцыянтаў гаварылася, што пра запаленыя каля царквы лампадкі паведаміў нібыта звычайны грамадзянін Ібрагімаў. Адвакатка Лізаветы Кірыенка хадайнічала, каб яго выклікалі ў суд у якасці сведуі, але суддзя хадайніцтва не задаволіў.
Абаронца прасіла, каб суд скасаваў адміністрацыйную справу праз адсутнасць складу правапарушэння.
Аднак суддзя прысудзіў Лізавеце Кірыенка 10 сутак арышту, а Марыі Амасовіч — 20 сутак.
На кватэры, якую здымае ў Віцебску Лізавета Кірыенка, напярэдадні суда адбыўся ператрус у рамках крымінальнай справы паводле арт. 341 КК (апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце). Пры гэтым сама дзяўчына, як адзначаюць праваабаронцы, ніякага статусу ў справе не мае. У Лізаветы канфіскавалі тэлефон і ноўтбук.
Кірыенка 23 гады, яна працуе ў Віцебску выхавальніцай у дзіцячым садку, завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю (гістфак). 19-гадовая Марыя Амасовіч — вучыцца на першым курсе ў адным з ліцэяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.