Дзяржкантроль: “Не нашая гародніна дарагая, а імпартная занадта танная"

У Беларусі за апошнія некалькі месяцаў зялёная цыбуля падаражэла ажно ў 5 разоў! Яшчэ нядаўна цыбулю з уласнага падвор’я на Камароўскім рынку можна было купіць за 4 тысячы. Сёння ніжэй за 15 тысяч вы там нічога не знойдзеце.
“А што вы хацелі? Цяпер жа не лета”, - кажуць Еўрарадыё у адміністрацыі “Камароўкі”:

“Цыбуля зялёная каштуе 15-20 тысяч. Мінімальны кошт – 15 тысяч за кілаграм, а максімальны – 20. Давайце казаць адкрыта: цяпер усё даражэе...”

Цікава, што ў траўні 2008 года старшыня дзяржкамітэта Зянон Ломаць публічна абурыўся наконт таго, што беларуская агародніна даражэй за імпартную. Словы чыноўніка паўсюдна цытавалі ў прэсе. А сам ён грозна абяцаў разабрацца.

Паказальная порка была. Але вось, як даведалася Еўрарадыё, парушэнняў не выявілі. Больш за тое! “Магчыма, гэта імпартная гародніна была занадта танна ўвезена”, - патлумачылі нам ў Камітэце дзяржаўнага кантролю:

“Парушэнняў парадку цэнаўтварэння ў нашых, айчынных вытворцаў не выявілі. Сэнс быў у тым, што, магчыма, імпартныя занадта танна былі ўвезеныя. Таму на нейкім этапе імпартныя... ну, скажам, памідоры, былі больш танныя за беларускія.

Беларускія па фарміраванню коштаў цалкам адпавядалі тым правілам, якія закладзеныя ў нашай краіне. Хто ведае, можа, гэта імпарцёр, пастаўшчык дэмпінгаваў? Прынамсі, у прадукцыі беларускіх вытворцаў ніякіх парушэнняў па коштаўтварэнню не было”.

Самі ж вытворцы наракалі на нізкую рэнтабельнасць і адсутнасць сонца. Яшчэ летам дырэктар парнікова-цяплічнага камбіната скардзіўся Еўрарадыё, што шмат грошай губляецца на падсвятленне цыбулі. Бо сонца, па яго словах, амаль не было:

«У нас шмат выдаткаў, мы цыбулю падсвятляем... У нас сонца ў гэтым годзе колькі было? Напэўна, адзін дзень з 365-ці»

Нагадаем, на пачатку лета цыбуля ў мінскіх крамах па кошце даходзіла ажно да 30 тысяч за кілаграм. Дзіўным чынам гэтыя лічбы разыходзяцца з афіцыйнымі данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Сярэдняя цана на зялёную цыбулю за лета склала каля чатырох тысяч, паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар Белстату Алена Кандраценка:

“Па Рэспубліцы Беларусь сярэдняя цана на цыбулю зялёную склала ў чэрвені 4 тысячы 806 рублёў. У ліпені – 4775 рублёў. І ў жніўні – 5 тысяч 449 рублёў”.

Сёння прыкладна па такой цане, як і на рынку, прадаецца цыбуля і ў мінскіх крамах. Так, слухач Еўрарадыё купіў зялёную цыбулю па 15750 рублёў за кілаграм. Яму цана падалася высокай... Але, як запэўніў нас пастаўшчык УП “Партызанскае”, — такія цэны склаліся на рынку:

“Мы цану не фарміруем, мы ж яе не вырошчваем... Мы глядзім рыначныя кошты, пасля прыкідваем, па якой цане купіць, каб пасля ў крамах яна больш-менш адпавядала рынкавым коштам. Напрыклад, у ліпені мы цыбулю закупалі па 3500, а цяпер мы яе купляем па 10500”.

Няцяжка падлічыць, што надбаўка склала амаль 50%. Еўрарадыё і далей будзе працягваць сачыць за зменай коштаў на беларускую гародніну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі