Дзявяты “змоўшчык”: Я быў у Беларусі, але мяне нават на допыт не выклікалі!

Дзявяты “змоўшчык”: Я быў у Беларусі, але мяне нават на допыт не выклікалі!

30 красавіка стала вядома пра дзявятага абвінавачанага по справе аб “замаху на Лукашэнку”. Гэта сябра Сойма Партыі БНФ Віталь Макаранка, які цяпер спрабуе атрымаць палітычны прытулак ва Украіне. КДБ Беларусі заявіў, што наша краіна складзе запыт на экстрадыцыю “змоўшчыка”.

Еўрарадыё звязалася з Віталем Макаранкам. Ён распавёў, якім бокам датычыцца да зум-канферэнцый “змоўшчыкаў”, пра што там насамрэч ішла гаворка і што думае наконт крымінальнай справы. 

Еўрарадыё: Як здарылася, што вы прыцягнулі ўвагу сілавікоў?

Віталь Макаранка: Мая выява была ў прапагандысцкіх фільмах: гэта былі запісы размовы ў зуме, там я прадстаўляўся. Але я нават не ведаю, якім чынам можна мяне прыплесці да перавароту ці замаху. Я толькі аднойчы выказаўся пра тое, што пераможцы ў рэвалюцыі вырашаюць, законнымі былі іх дзеянні ці не. І прывёў прыклад бальшавіцкага перавароту.

На тыя размовы я трапіў не выпадкова — у тым плане, што мене туды запрасілі. Але падчас размовы не было ніякіх момантаў, якія можна было б звязаць з замахам ці з нейкім пераваротам. Першая размова ўвогуле насіла характар паліталагічнай лекцыі.

Большасць другой лекцыі абмяркоўвалася дэкларацыя, якая магла б стаць падставай для аб’яднання ўсіх апазіцыйных сіл. Там таксама нічога крымінальнага няма. Ні прозвішча Лукашэнкі, ні нечага такога я не чуў. Абмяркоўвалася кожная коска, што ў якім абзацы паставіць. Падчас размовы я проста паставіў тэлефон на стол і займаўся сваімі справамі.

Былі размовы пра магчымыя варыянты развіцця падзей. Нейкія гістарычныя паралелі праводзіліся. Усё гэта насіла характар інтэлектуальна-дыскусійнага клуба.

Дзявяты “змоўшчык”: Я быў у Беларусі, але мяне нават на допыт не выклікалі!
Віталь Макаранка (у цэнтры) / Фота з сацыяльных сетак

Еўрарадыё: Як вы апынуліся ва Украіне?

Віталь Макаранка: Я знаходзіўся ў Беларусі да 17 красавіка 2021 года. 12 красавіка першых фігурантаў забралі. Калі я такі небяспечны змоўца, саўдзельнік дзяржаўнага перавароту, чаму за 5 дзён мяне нават на допыт не выклікалі? Я ж нікуды не хаваўся, сядзеў дома ў Магілёве, займаўся звычайнымі справамі. Да Кастусёва ў Цехцін даехалі, а да мяне ў Магілёў не?

Я ў прынцыпе не планаваў з’язджаць, але спіраль пачала раскручвацца. У нас, як кажуць, “бывае не да законаў”, і ў мяне пачалі з’яўляцца сумневы. Таму я вырашыў з’ехаць, але ніякай віны за сабой не адчуваю. І аб’ектыўна няма за што адчуваць.  Для мяне ўвогуле загадка, што я ці Кастусёў маглі зрабіць для замаху на Лукашэнку. Зброі ў нас няма, мы людзі звычайнага прыбытку, выхадаў на сілавыя структуры няма, нейкіх глыбінных сувязяў з чынавенствам няма, сотняў тысяч баевікоў няма. Я проста бачу татальную дэкваліфікацыю генпракуратуры, КДБ і гэтак далей.

Еўрарадыё: Навошта вы прымалі ўдзел у дыскусіях?

Віталь Макаранка: Мы с Зянковічам прыяцелі па партыйнай лініі з пачатку 90-х. Раз за паўгода, год стэлефаноўваліся: як справы, якія думкі наконт таго, што адбываецца. Аднойчы я выказаў ідэю, што адзінае, чым цяпер варта займацца — гэта аб’яднанне ўсіх апазіцыйных сіл. І традыцыйнай апазіцыі, і кабінету Ціханоўскай, і НАК, і астатніх. Бо драбленне, ўзаемныя сваркі і недавер недапушчальныя. І мне Юрась [Зянковіч. — Еўрарадыё] кажа: “Добра, у нас ёсць аб’яднанне палітычных экспертаў. Калі хочаш, далучайся, мы там абмяркоўваем у тым ліку і такія варыянты”. Я далучыўся, але там абмяркоўвалі абсалютна розныя тэмы. Не зусім тое, за чым я прыйшоў. І мне было, шчыра кажучы, не цікава.

Я выказаў гэта Юрасю і з сярэдзіны студзеня мы з ім не камунікавалі. У гэтых зум-канферэнцыях я больше не ўдзельнічаў. 

Еўрарадыё: Як вы лічыце, навошта гэтая справа пра “замах”? Што гэта значыць?

Віталь Макаранка: Я чалавек, які, як кажуць, проста міма праходзіў. Я падазраю, што і ўсе астатнія ў такім жа самам стане, асабліва Кастусёў. Тое, што цяпер сыходзіць з вуснаў людзей, якія сядзяць, не мае ніякай вагі. Знаходзячыся ў кіпцюрах КДБ, казаць можна ўсё, што заўгодна. Мы не ведаем, што там робіцца.

Я лічу, што гэта добра распрацаваная правакацыя. Цяжка сказаць, гэта беларускі КДБ, ці расійскі ФСБ, ці іх супольная справа. Толькі ім гэта выгадна.

Тут ёсць карысць беларускім уладам. “Замах” на лідара — і адразу яго электарат, паплечнікі змыкаюць свае шэрагі вакол яго. Малюецца негатыўны вобраз апазіцыі. У нас народ жаласлівы, тым больш, калі пачалі казаць, што там дзяцей хацелі забіць. Можа, на нейкую частку насельніцтва гэта неяк паўплывае.

Таксама профіт мае Расія. Яна кажа: “Ты ж бачыш, Аляксандар Рыгоравіч, мы адзіныя, хто можа цябе абараніць. Ідзі да нас”. 

Ведаеце, не робяцца змовы, спробы замаху ў зуме пад запіс. Зянковіч кожны раз папярэджваў, што размова запісваецца. І казаць, што сур’ёзныя, адэкватныя людзі абмяркоўваюць пытанне такога кшталту ў зуме — гэта нейкая фантасмагорыя.

Еўрарадыё: Чым вы займаліся ў Беларусі апошнім часам? Што будзеце рабіць ва Украіне?

Віталь Макаранка: Я сябра Партыі БНФ з 1997 года, сябра Сойма Партыі БНФ і апошнія гады быў кіраўніком магілёўскай абласной арганізацыіі БНФ. У мяне сям’я ва Украіне, я рэгулярна сюды езджу. Фактычна апошнія гады я жыў на дзве краіны.

30 красавіка я падаў заяву на атрыманне палітычнага прытулку — як толькі даведаўся пра крымінальную справу. На перыяд разгляду заявы ўкраінскія ўлады не маюць права мяне выдаваць. Адзінае, што беларускія структуры могуць выкрасці мяне, як Фядуту і Зянковіча з Масквы. Але спадзяюся, што ў іх няма магчымасцяў так працаваць ва Украіне.

Натуральна, што ад палітычна-грамадскай дзейнасці я не адыду. Наколькі магчыма ёю тут займацца, цяжка сказаць, але тым не менш. Планы звычайныя: жыць, працаваць, чакаць, пакуль змены адбудуцца. Я не збіраюся кідаць Беларусь. Як толькі будзе магчымасць, я вярнуся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі