ЕЭК патрабуе скасаваць абавязковы спіс беларускіх тавараў у крамах
Урад Беларусі павінен на працягу 30 каляндарных дзён скасаваць абавязковыя спісы беларускіх тавараў у крамах. Такое рашэне прыняла Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК).
"Калегія ЕЭК прызнала бар'ерам на ўнутраным рынку Саюза патрабаванне аб абавязковым асартыменце беларускіх тавараў на паліцах у крамах рознічнага гандлю краіны", — гаворыцца ў паведамленні на сайце ЕЭК.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) нашай краіны рэкамендуе гандлярам, каб пры продажы харчовых тавараў беларускіх сярод іх па выніках 2021 года было не менш за 80-85%. Таксама МАРГ настойвае, каб беларускія тавары ў крамах ляжалі "ў візуальна і фізічна даступных месцах", піша TUT.by.
12 лютага на Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў гандлёвыя сеткі за недастаткова актыўны продаж беларускіх тавараў. Ён заявіў, што адну з такіх сетак пачалі ўжо "выразаць". (Паводле звестак СМІ, гаворка ішла пра гандлёвую сетку Green.)
Пасля гэтага Камітэт дзяржкантролю пачаў праверкі ў буйных гандлёвых сетках па ўсёй краіне. Асаблівую ўвагу кантралёры планавалі надаць наяўнасці беларускіх тавараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.