Эколагі пачалі апытанне наконт адносін беларусаў да бяспекі Астравецкай АЭС
Дагэтуль не вырашаныя "крытычныя праблемы, якія нясуць пагрозу жыццям і здароўю беларусаў" / З архіва Еўрарадыё
Экспертная супольнасць беларускіх экалагічных арганізацый і ініцыятыў "Зялёная Сетка" заклікае прыпыніць працы па ўвядзенні ў прамысловую эксплуатацыю другога энергаблока Беларускай АЭС і спачатку разабрацца з першым энергаблокам. У доўгатэрміновай перспектыве яна заклікае да закрыцця БелАЭС. Сярод агучаных яе праблем называюцца: небяспека для здароўя людзей і экалогіі, адсутнасць празрыстасці ў пытаннях будаўніцтва і эксплуатацыі станцыі, адсутнасць магчымасці рэальнага ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў па запуску энергаблокаў, адсутнасць рынкаў збыту для электраэнергіі.
Перад выдачай адпаведнай ліцэнзіі другому энергаблоку рэжым Аляксандра Лукашэнкі запланаваў на 8 верасня "грамадскія слуханні". Эколагі ж лічаць, што на іх не будуць слухаць меркаванне людзей. Яны перакананыя, што дагэтуль не вырашаныя "крытычныя праблемы, якія нясуць пагрозу жыццям і здароўю беларусаў". "Зялёная Сетка" запусціла апытанне беларусаў, каб даведацца іх адносіны да АЭС і пра давер да рэжыму ў пытаннях яе бяспекі.
Другі энергаблок БелАЭС упершыню ўключылі ў сетку 13 траўня 2023-га. Пасля яго адключалі і зноў уключалі.
Літва неаднаразова патрабавала прыпыніць працу БелАЭС і не эксплуатаваць яе, пакуль не будуць вырашаныя ўсе пытанні ядзернай бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.