Экс-дэпутаты пра сваю пенсію: “Пытацца пра такое непрыстойна!”
Паўнамоцтвы дэпутатаў пакуль яшчэ дзейнага парламента хутка скончацца, і ўжо цяпер частка з іх на пытанне пра далейшыя планы адказвае: “Пайду на пенсію!” А якая яна — дэпутацкая пенсія? Тым больш што траціна цяперашніх дэпутатаў — пенсіянеры!
Інфармацыі пра гэта не знойдзеш ні на сайце Палаты прадстаўнікоў, ні на сайце Саўміна, ні ў электроннай базе з нарматыўна-прававымі дакументамі — яна… непублічная.
Уладзімір Маёраў з Гомеля быў дэпутатам з 2008 па 2012 год. Потым яшчэ год працаваў дырэктарам дома-інтэрната для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і вось ужо тры гады на пенсіі. У час яго дэпутацтва я даволі часта да яго звяртаўся па каментары, і цяпер ён нібыта нават рады мяне чуць. Але калі гучыць пытанне пра памер пенсіі, радасць гэтая некуды знікае.
“Ну, тыя, хто там бліжэй да Мінска, яны вам могуць і сказаць якая яна — пенсія дэпутацкая… У мяне неблагая пенсія была б і як у дзяржслужбоўца, бо маю вялікі стаж, таму там розніца невялікая… Да ўсяго, я чарнобылец, таму з пенсіяй нармальна. А ўлічваючы тое, якая сітуацыя сёння ў эканоміцы, лічу, што пенсія, а дакладней, утрыманне гэтае годнае, і ўдзячны кіраўніцтву рэспублікі. Дзякуй, што згадалі, я вам жадаю дабра, усяго найлепшага, да пабачэння”.
Такая ж рэакцыя на пытанне пра памер пенсіі і ў калегі Уладзіміра Маёрава з Ашмян Валянціны Лузінай.
“Я не хачу быць крыніцай гэтай інфармацыі, — адказвае мне ганаровы грамадзянін Ашмян Валянціна Лузіна. — Вядома, што дэпутаты прыраўноўваюцца да дзяржслужбоўцаў. Ну, і зразумела, што дзяржслужбоўцы маюць большы памер і пенсій, і заробкаў, чым тыя, хто працуе, да прыкладу, у сацыяльнай сферы. Але ведаеце, я ўвогуле не хачу гаварыць з вамі на гэтую тэму. Я лічу, што гэта не зусім прыстойна”.
Можа, на пытанне адкажа дэмакратычны дэпутат ІІ і ІІІ склікання Вольга Абрамава?
Сам факт таго, што памер заробку міністраў і дэпутатаў трымаецца ў сакрэце, абурае грамадскую дзяячку Вольгу Абрамаву.
“Канечне, тут не павінна быць ніякай дзяржаўнай таямніцы! Трэба, каб найвышэйшыя службовыя асобы наўпрост сказалі, што прэм’ер-міністр атрымлівае столькі, а дэпутат — столькі. Такі адсотак дэпутацкага заробку атрымлівае дэпутат у адстаўцы, такі адсотак ад міністэрскага заробку атрымлівае міністр ці намеснік міністра. У гэтым пытанні неабходна навесці парадак і зрабіць гэтую сферу празрыстай і адкрытай для грамадства”.
Вось толькі назваць сваю дэпутацкую пенсію Вольга Абрамава… адмаўляецца!
“Я не гэтае пытанне не буду адказваць з дзвюх прычынаў. Першая: у грамадстве, якое знаходзіцца ў цяжкім эканамічным крызісе, гэта матыў для зайздрасці. І другая: неаднойчы ў мінулым, агучваючы памер дэпутацкай пенсіі, я атрымлівала вялікі негатыў з боку сваіх былых калег. Я не хачу ствараць лішніх нязручнасцяў ні грамадству, ні сабе”, — кажа Абрамава.
Сапраўды, знаходжу журналісцкі артыкул за 2010 год, у якім Вольга Абрамава называе памер сваёй дэпутацкай пенсіі: на той момант яна складала 2 мільёны 358 тысяч рублёў. Для параўнання: па звестках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сярэдняя пенсія была 468 тысяч 700 рублёў. А долар, нагадаю, каштаваў 3 тысячы. Атрымліваецца, што пенсія ў дэпутатаў была 786 долараў супраць 156 долараў пенсіі шараговага беларуса.