Экс-начальнік цэха "Мотавела" прыцягваў падначаленых да работ на лецішчы
Падначаленыя дапамагалі начальніку на лецішчы і ў працоўны час / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Следчыя выставілі канчатковае абвінавачванне экс-начальніку цэха ААТ "Мотавела". Яго будуць судзіць за "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі". Следства высветліла, што 38-гадовы начальнік цэха прыцягваў сваіх падначаленых да работ на лецішчы і рамонту ў кватэры. Задзейнічаныя былі пяць чалавек. І такая практыка працягвалася пяць гадоў.
Работы выконваліся ў тым ліку ў працоўны час. Начальнік цэха пры гэтым адзначаў у ведамасцях, што работнікі ў цэху, ім налічваўся заробак. "Пры гэтым абвінавачаны разумеў, што фактычна яны адсутнічалі на працоўных месцах і свае службовыя абавязкі не выконвалі", адзначылі ў СК. Там таксама расказалі, што мужчына запраўляў работнікам іх асабістыя аўто ці даваў грошы на паліва, а таксама дапамагаў пакінуць тэрыторыю завода, абмінаючы спецыяльную электронную сістэму пропуску.
У СК налічылі, што такімі дзеяннямі экс-начальнік цэха зрабіў прадпрыемству шкоду на агульную суму больш як у 36 тысяч рублёў. Для кампенсацыі шкоды ў яго арыштавалі два аўтамабілі, нерухомасць і іншую маёмасць (агульным коштам больш за 72 тысячы рублёў). Мужчына віну прызнаў. Да суда яго адпусцілі пад даручальніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.