Экс-памочнік Лукашэнкі прадае катэдж у Драздах за тры мільёны долараў
Катэдж Корбута ў Драздах
У Драздах на вуліцы Рачной прадаюць дом за тры мільёны долараў. Запісаны ён на загадчыцу кафедры Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Ларысу Корбут. Муж выкладчыцы Мікалай Корбут — былы начальнік Кіраўніцтва спраў Аляксандра Лукашэнкі, піша "Наша Ніва".
На пачатку кіравання Лукашэнкі Корбут узначальваў "Дыпсэрвіс" — службу абслугоўвання дыпламатычных прадстаўніцтваў. Потым ён займаў пасаду намесніка кіраўніка спраў Лукашэнкі, а пазней стаў там кіраўніком.
Праз нейкі час чыноўніка панізілі: яго прызначылі галоўным інспектарам па Мінскай вобласці — памочнікам Лукашэнкі. Гэта кадравая праца, якая не мае дачынення да фінансаў.
У 2018-м яго і ўвогуле зрабілі членам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Гэта пасада, на якой працы няма практычна ніякай, затое чыноўнікі атрымліваюць высокія расійскія заробкі. На сайце гэтай арганізацыі апошняя згадка пра Корбута датуецца тым жа 2018 годам.
Па звестках "Нашай Нівы", што Корбут не мае патрэбы ў катэджы ў Драздах, бо стала перабраўся жыць у Расію.
Як выглядае ягоны дом у Драздах? Гэта двухпавярховы катэдж плошчай 437 квадратных метраў, з іх жылых — 130. Дом пабудаваны ў 2005 годзе з газасілікатных блокаў. У ім ёсць лазня, саўна, невялікі басейн, більярдны пакой. Столі вышэйшыя за тры метры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.