Экс-ваенкама са Слуцка асудзілі на тры гады калоніі за хабар
Суд Слуцкага раёна прысудзіў былога ваеннага камісара Слуцкага і Старадарожскага раёнаў Аляксандра Петраўца да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама Петраўца пазбавілі звання палкоўніка, піша "Інфа-Кур'ер".
Ваенкама вінавацілі ў атрыманні хабару за вызваленне ад службы, падбухторванні ў злачынстве і дачы хабару. Таксама па справе праходзіў прадпрымальнік Аляксандр Шыянаў: яго вінавацілі ў замаху на злачынства і дачы хабару.
Суд прызнаў іх вінаватымі па ўсіх артыкулах. Петраўца і Шыянава затрымалі мінулай зімой. Ім залічылі ў тэрмін адбыцця пакарання час утрымання пад вартай.
Таксама з былога ваенкама спагоняць працэсуальныя выдаткі на карысць дзяржавы — 510,64 рубля. Яго маёмасць пакінулі пад арыштам. Маёмасць Шыянава ад арышту вызвалілі.