Экскурсавода-"нелегала" аштрафавалі ў Наваполацку
Суд у Наваполацку, ілюстрацыйнае фота
Прадпрымальніка з Наваполацка асудзілі за правядзенне экскурсій без неабходнай атэстацыі і аштрафавалі на 800 рублёў (20 базавых велічыняў), паведамляюць "Народныя навіны Віцебска".
Яшчэ ў лютым 2019 прадпрымальнік заняўся правядзеннем экскурсій. Тады ён меў адпаведную акрэдытацыю, выдадзеную Нацыянальным агенцтвам па турызме.
У траўні 2023-га гэтае пасведчанне анулявалі. Падставай называлася "выяўленая неадпаведнасць прафесійным і этычным патрабаванням, вызначаным заканадаўствам".
Нагадаем, што пасля 2020 года беларускія экскурсаводы трапілі пад пільны кантроль рэжыму: некаторых з іх за экскурсіі нават садзілі на "суткі". Потым былі прынятыя "прафесійныя і этычныя патрабаванні" да экскурсаводаў. Ад іх запатрабавалі праяўляць павагу да дзяржаўных сімвалаў Беларусі, не дапускаць на экскурсіях "суб'ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў аб Беларусі і іншых дзяржавах", а таксама не дазваляць экускурсантам рабіць "некарэктныя, правакацыйныя ды іншыя негатыўныя выказванні або дзеянні".
Наваолацкі экскурсавод працягнуў вадзіць экскурсіі без атэстацыі. Паведамляецца, што з траўня па кастрычнік ён праводзіў трохгадзінныя экскурсіі ў Полацку. Інфармацыя пра экскурсіі размяшчалася на сайтах і ў яго інстаграм-акаўнце. За экскурсію з ім разлічваліся гатоўкай без касавага апарата. Кошт экскурсіі ў 2019 годзе складаў 60 рублёў, у 2023 годзе — 100-110 рублёў. Па падліках следства, мужчына атрымаў за пяць месяцаў 2023 года 5010 рублёў.
На судзе экскурсавод віну прызнаў і чыстасардэчна раскаяўся. За гэта яго асудзілі без канфіскацыі даходу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.