Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў сёлета скараціўся на 15%
Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў за першыя дзесяць месяцаў 2016 года скараціўся на 15% (у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года). Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, ён склаў у фізічным выражэнні 11,6 млн тон. БелаПАН інфармуе, што ў вартасным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў склаў 3,5 млрд долараў. Гэта на 38% менш, чым было ў студзені-кастрычніку 2015-га.
Вядома, што ў гэтым годзе наша краіна павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў у Польшчу (экспарт у фізічным выражэнні вырас у 5 разоў), Нідэрланды (прыблізна ў 2 разы) і Украіну (амаль у 1,5). А вось у Расію было пастаўлена каля 259 тысяч тон нафтапрадуктаў. Гэта ў тры разы менш у параўнанні з такім жа леташнім перыядам. Такое скарачэнне беларускія чыноўнікі тлумачылі тым, што такі экспарт нявыгадны для Беларусі па цэнавых меркаваннях.
Масква ж рэзка скараціла ў другой палове гэтага года пастаўкі нафты на Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы. У трэцім квартале 2016-га Расія паставіла ў нашу краіну толькі 3,5 млн тон нафты (у першым квартале было 5,8 млн тон, у другім — 5,7 млн).
У кастрычніку 2016 года прадстаўнікі беларускага ўрада заяўлялі пра гатоўнасць Беларусі выплаціць запазычанасць за расійскі газ у адказ на аднаўленне паставак расійскай нафты ў ранейшых аб`ёмах. Аднак нафтагазавая спрэчка паміж Масквой і Мінскам не ўрэгуляваная дагэтуль.
Паводле ацэнак экспертаў, скарачэнне паставак расійскай нафты аказвае непасрэдны ўплыў на паказчыкі беларускай эканомікі.