Эксперт: Для Вільні і Мінска надыходзіць час актыўнай “ценявой дыпламатыі”

121029_luka6uk_vybory.mp3

На парламенцкіх выбарах у Літве перамаглі левацэнтрысты. Прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі зойме пасаду прэм’ер-міністра, зменіцца кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Літвы. Як гэта адаб’ецца на ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі?


Палітолаг, прафесар Каўнаскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтас Мажэйкіс узгадвае, што сацыял-дэмакраты, “Партыя працы” і “Парадак і справядлівасць” неаднаразова заяўлялі аб сваім намеры наладзіць адносіны з Расіяй, Польшчай і Беларуссю пасля перамогі на выбарах. Праўда, што тычыцца Беларусі — без удакладненняў канкрэтных крокаў. Улічваючы “схаваныя сімпатыі” левых да беларускай улады, пэўныя спробы наладзіць стасункі будуць.


Гінтаўтас Мажэйкіс: “У адносінах паміж прэзідэнтамі нічога не зменіцца — з улікам пазіцыі Еўрасаюза (Літва як сябра ЕС мусіць прытрымлівацца абранай ЕС пазіцыі ў дачыненні да Беларусі. — Еўрарадыё). У адносінах паміж парламентамі можа быць больш неафіцыйных сувязяў. На больш нізкіх узроўнях, ва ўзаемаадносінах эканамічных, сацыяльных, па пытаннях візавых, культуры і адукацыі — у гэтых накірунках адносіны могуць палепшыцца. Калі беларускі бок не будзе гэтаму супраціўляцца”.

            Гінтаўтас Мажэйкіс


Што не выключана, лічыць Мажэйкіс. Бо новы міністр замежных спраў Літвы, сённяшні Генконсул гэтай краіны ў Беларусі Лінас Лінкявічус будзе і далей падтрымліваць беларускую апазіцыю. Найперш, што ўжо знаходзіцца ў Вільні. Каб мець... казырную карту ў рукаве! І афіцыйнаму Мінску такая падтрымка наўрад ці спадабаецца.


Гінтаўтас Мажэйкіс: “Час, відаць, будзе актыўнай “ценявой дыпламатыі” з другім-трэцім эшалонам рэжыму Лукашэнкі. І ў гэтым плане мець у сябе дома апазіцыю беларускую — гэта добры козыр у перамовах”.


            Лінас Лінкявічус


Тым не менш, лічыць эксперт, спробы новага ўрада наладзіць эканамічныя стасункі з Расіяй аўтаматычна прывядуць да паляпшэння гэтых стасункаў з іншымі сябрамі Мытнага саюза — Казахстанам і Беларуссю.


У тым, што літоўскі Сейм будзе і далей падтрымліваць беларускую апазіцыю, упэўнены і прадстаўнік Літвы ў ПАСЕ Эгідыюс Варэйкіс. І не важна — будзе ініцыятыва зыходзіць ад кіруючай кааліцыі ці кансерватараў, што сыходзяць у парламенцкую апазіцыю. Іншая справа, што гэтая падтрымка будзе не такой відавочнай, як гэта было ў апошнія гады.

                Эгідыюс Варэйкіс


Ва Украіне ўлада пасля выбараў у Вярхоўную раду не змяняецца. Але там таксама з’явіцца новая парламенцкая кааліцыя — з “Бацькаўшчыны”, “Свабоды” і “Удара” баксёра Віталя Клічко. Вось толькі гэта ніякім чынам не адаб’ецца на адносінах паміж нашымі краінамі, упэўнены палітолаг Віталь Портнікаў.


Віталь Портнікаў: “Сцвярджаць, што ў парламенце будзе дэмакратычная большасць, я бы пакуль не спяшаўся. Бо тыя дадзеныя, якія зараз публікуе Цэнтравыбаркам, адрозніваюцца ад дадзеных экзіт-полаў. А разам з дэпутатамі-мажарытаршчыкамі “Партыя рэгіёнаў” гарантавана можа дабіцца большасці ў Вярхоўнай радзе і фармавання таго ўраду, які будзе зручны Віктару Януковічу і яго атачэнню. Дый наш парламент у прынцыпе не адыгрывае ніякай ролі ў вызначэнні знешняй палітыкі дзяржавы”.

                 Віталь Портнікаў


Залежыць яна выключна ад прэзідэнта Януковіча, а ён застаецца на месцы. І нейкія новыя магчымасці афіцыйны Мінск можа шукаць толькі ў Літве. Перамога левых дае невялікія, але магчымасці для заігрыванняў з Еўрасаюзам і спроб весці незалежную ад Крамля знешнюю палітыку.

Фота: Змітра Лукашука, http://www.svaboda.org/, bernardinai.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі