Эксперт: Канфлікт у Сірыі можа скончыцца нават грамадзянскай вайной
Аляксандр Ступнікаў робіць прагноз, як будзе развівацца сітуацыя ды які ўплыў яна можа мець на становішча ў рэгіёне.
Эксперт па Блізкім Усходзе Аляксандр Ступнікаў у жывым эфіры Еўрарадыё таксама патлумачыў, хто ўдзельнічае ў супрацьстаянні ў Сірыі, каго падтрымліваюць суседнія краіны, а таксама Захад і Расія.
Еўрарадыё: Хто і супраць каго ваюе цяпер у Сірыі, у чым прычына супярэчнасцяў?
Аляксандр Ступнікаў: Гэта сапраўды актуальнае пытанне, хоць у прэсе вельмі рэдка распавядаецца, якая апазіцыя ваюе сёння супраць Асада і хто ваюе супраць Асада звонку. Калі казаць папулярна і коратка, то ўнутраная апазіцыя фармуецца на аснове самаабароны. Людзі змаглі арганізавацца і стварылі мясцовыя камітэты, якія ахопліваюць 14 гарадоў і раёнаў краіны. Гэтыя камітэты і арганізуюць штодзённыя дэманстрацыі. З восені мінулага года іх падтрымлівае так званая свабодная сірыйская армія, якая складаецца ў асноўным з дэзерціраў, вайскоўцаў, якія перайшлі на бок народа пасля таго, як пачаліся рэпрэсіі, расстрэлы людзей, масавыя арышты. Паводле некаторых дадзеных, на маю думку, перабольшаных, гэтых людзей, якіх у Сірыі называюць баевікамі, да дзесяці тысяч чалавек. Безумоўна, сярод іх ёсць і такія, хто належыць да рэлігійных груповак, напрыклад, радыкальныя ісламісты. І паколькі ўсё гэта трэба неяк арганізоўваць, то, з аднаго боку, існуе нацыянальны савет, нядаўна абвешчаны ў Турцыі, бо Турцыя падтрымлівае звяржэнне Асада. З другога боку, свабодную сірыйскую армію падтрымліваюць арабскія дзяржавы Персідскага заліву. Праз некалькі дзён павінна адбыцца вялікае паседжанне, на якім яны збіраюцца афіцыйна заявіць пра такую падтрымку. То бок сярод апазіцыі ідзе раскол, але гэта ўжо на самым вышэйшым узроўні.
Еўрарадыё: А як выглядае рэлігійны аспект гэтага падзелу ў краіне?
Аляксандр Ступнікаў: Нават калі арабскія краіны даціснуць Асада, а да гэтага ўсё ідзе, вельмі складана ўявіць сабе, як змогуць сірыйцы абмінуць развал краіны і грамадзянскую вайну. Справа ў тым, што больш за 70% насельніцтва краіны – суніты, тая галіна ісламу, якую спавядае Саудаўская Аравія і краіны Персідскага заліва. Меншая частка – шыіты, гэта тыя, хто сёння падтрымлівае Асада. За імі стаіць перш за ўсё Іран і славутая Хісбала, ваенна-тэрарыстычная арганізацыя паўднёвага Лівану. Трэцяя частка – алавіты, гэта адносна невялікая частка Сірыі, 10-12 адсоткаў насельніцтва, але менавіта да іх належаць і Асад і яго бацька. А паколькі яны былі ва ўладзе ўжо шмат год, пачынаючы ад шасцідзесятых гадоў, то менавіта алавітам належаць найважнейшыя пазіцыі ў вярхах арміі, у спецслужбе, выведцы і г.д. Таму і разраслася супярэчнасць паміж сунітамі, шыітамі і алавітамі. Алавітаў звычайна асацыююць з шыітамі, за якімі стаіць Іран. Я ўжо не кажу пра тое, што 10 адсоткаў насельніцтва Сірыі – гэта курды, якія жывуць ля мяжы з Турцыяй, і якія пакуль што маўчаць. Але бацька Асада ў свой час іх моцна патрос, былі рэпрэсіі супраць іх і зараз, да 2005 года. Вось усім гэтым і выкліканы пераход рэвалюцый у арабскіх краінах на Сірыю, таму што Асад сёння – першы і адзіны саюзнік Ірана на Бліжнім усходзе. Калі ён выходзіць з гульні – Іран застаецца самотным у рэгіёне.
Еўрарадыё: Якім чынам гэты канфлікт увогуле ўплывае на рэгіён? Ці не пачнецца вайна на Бліжнім Усходзе?
Аляксандр Ступнікаў: Вайна наўрад ці пачнецца. Сітуацыя ў Сірыі завязаная на становішчы вакол Ірана. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі мякка адбудзецца пераход улады ад Асада да прадстаўнікоў народа Сірыі. На днях Расія і Кітай блакавалі рэзалюцыю ААН наконт Сірыі, гэта адбылося не выпадкова, бо, па сутнасці, Амерыка прапанавала штосьці кшталту лівійскага варыянта, то бок развязаць рукі для замежнага ўмяшальніцтва, каб дапамагчы народу. Бо зразумела, што сірыйская армія ў параўнанні са свабоднай сірыйскай арміяй мае шмат перавагаў – цяжкую зброю, авіяцыю і гд. Зразумела, чаму Расія перакрыла рэзалюцыю – у Расіі свае інтарэсы, комплексы Бастыён, вучэбныя самалёты ЯК-130. Нагадаю, што да гэтага сірыйцы набылі ў Расіі 24 знішчальнікі МІГ-29, 8 комплексаў СПА, укладзеныя шмат мільярдаў у гэтую краіну. І не трэба забывацца, што цэлы сірыйскі порт Тартус цалкам пераабсталяваны пад ваенна-марскую базу і сёння гэта адзіная ваенна-марская база Расіі па-за краінай. Там могуць стаяць і рамантавацца ваенныя караблі і выходзіць у Міжземнае мора. Не кажучы ўжо пра гандлёвыя адносіны і шматмільярдныя даўгі з Сірыяй. Але Сірыя - апошні сябра Масквы, калі не лічыць Палестынскай аўтаноміі. Такім чынам Масква падстаўляецца пад удар. Асад, зразумела, будзе трымаць уладу да апошняга з-за шматлікіх ахвяраў і міжканфесійнай сітуацыі, але калі яму давядзецца аддаць уладу, пасля суда і смяротнага пакарання, якія непазбежныя, Расія рызыкуе застацца без сяброў на Бліжнім Усходзе. А Захад на прамую ўмешвацца ня будзе, бо няма неабходнасці. Хаця зараз і з’явіліся чуткі, што Амерыка можа пастаўляць зброю паўстанцам, гэтаксама як пастаўляе Расія. Але ў Амерыкі няма такой неабходнасці: ліга Арабскіх краін і так мае нафту, грошы і зброю, навошта ім умешваць Захад? Калі гаварыць пра канфесіі, то ёсць вялікая верагоднасць, што суніты даціснуць Асада самі.
Еўрарадыё: А як раскладаюцца сілы ў самім рэгіёне?
Аляксандр Ступнікаў: Практычна ўсе арабскія краіны апроч Ірана падтрымліваюць паўстанцаў, дэмакратычныя перамены і сыход Асада з улады. У сувязі з візітам міністра замежных справаў Расіі ў Дамаск Масква стала гаварыць, што трэба весці дыялог. Але ніякіх перамоваў весці ўжо ніхто не хоча. Толькі па афіцыйных дадзеных ад ААН каля 6000 чалавек загінула ў Сірыі, пераважна, гэта мірнае насельніцтва. Гэта вельмі вялікая лічба, яны жывуць кланамі, ва ўсіх ёсць сваякі, хто гэта даруе? Ліга арабскіх краін – гэта ўсе арабскія краіны. І нават тыя краіны, дзе адбыліся рэвалюцыі – Туніс, Егіпет і Лівія – адмовіліся ад падтрымкі цяперашняга Дамаска. Падтрымліваюць Сірыю толькі Іран і Хісбала. Што тычыцца Ізраіля – Ізраіль маўчыць, не ўмешваецца, бо вельмі занепакоены тым, каб не ўзнікла турбулентная сітуацыя, грамадзянская вайна, і каб да ўлады не прыйшлі ісламісты. Бо тады на мяжы Ізраіля акажацца яшчэ адна рэзка варожая краіна. Хаця паміж Ізраілем і Сірыяй да гэтага часу няма мірнай дамовы і фармальна яны знаходзяцца ў стане вайны.
Еўрарадыё: Як можа змяніцца мапа рэгіёну і наколькі хутка гэта адбудзецца?
Аляксандр Ступнікаў: Асад выгнаў назіральнікаў, а зараз зноў запрашае іх прыехаць, прапануе правесці рэферэндум у краіне, каб прэзідэнт абіраўся толькі на два тэрміны па сем год. Але апазіцыя і Ліга арабскіх краін настроеныя на тое, каб усё ж даціснуць Асада. Праблема заключаецца ў тым, што сёння ніхто не можа сабе ўявіць, чым гэта скончыцца. Сірыя можа разваліцца на некалькі частак – невялікія дзяржавы алавітаў, сунітаў і шыітаў. Гэта адзін варыянт. Можа развязацца грамадзянская вайна. У Сірыі няма адзінай сілы, якая па-сапраўднаму аб’ядноўвала б і прадстаўляла ўсе апазіцыйныя сілы. З іншага боку, нельга забывацца, што і ў Асада нямала прыхільнікаў, якія падтрымліваюць і яго і яго рэжым і шыіцкую меншасць. Асад будзе біцца да апошняга, бо іншага выхаду ў яго няма.
Фота — gazeta.ua