Эксперт: Некаторыя прыватныя ВНУ могуць закрыцца

“Можам спадзявацца толькі на цуд, а што яшчэ застаецца…”, — адразу кажуць Еўрарадыё у прыватным Мінскім інстытуце кіравання, калі прыгадваюць колькі абітурыентаў не здало тэставанне. Раней сюды паступала больш за 30% тых, хто набіраў менш за 15-20 балаў.

Тут робяць стаўку на выпускнікоў каледжа, каб не застацца без працы. Бо ім трэба здаваць толькі адно тэставанне.

“Можам спадзявацца на скарочаную форму навучання. На выпускнікоў каледжа. Бо два іспыты будуць праходзіць ва ўніверсітэце. Можа, за кошт іх не застанемся без працы. У нас чатыры інжынерныя спецыяльнасці, а на гэтыя спецыяльнасці не могуць паступаць амаль 40% абітурыентаў”, — тлумачаць Еўрарадыё у Мінскім інстытуце кіравання.

Бо, нагадаем, матэматыку сёлета не здалі 32% абітурыентаў, фізіку — 37%.

У Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва планка паступлення таксама невысокая. Тут кажуць пра мэтанакіраваную палітыку змяншэння колькасці студэнтаў!

“Гэта мэтанакіраваная палітыка дзяржавы. Яна асэнсаваная. І яна правільная, бо не могуць 100% выпускнікоў ісці ў ВНУ. Нехта ж мусіць араць. Што нам рабіць? Ну, тут ужо не ведаем. Да таго мы цяпер трапляем у дэмаграфічную яміну”, — гавораць у інстытуце.

Студэнтаў набярэм, упэўненыя ў “БІПе — Інстытуце правазнаўства”, бо меншая аплата навучання. Але ўсё ж хвалююцца за палітолагаў і псіхолагаў.

“Для людзей мільён — гэта ўжо розніца. У дзяржаўных ВНУ цяпер даражэй. І многія трымаюцца за кошт вядомасці. Пракуратура і суды перапоўненыя нашымі выпускнікамі і яны перадаюць адзін аднаму. А вось паліталогію і псіхалогію можам не набраць”.

Ёсць рызыка закрыцця прыватных ВНУ, мяркуе эксперт, удзельнік Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.

“Дзяржава дыскрымінуе прыватныя ВНУ, каб даць прэферэнцыі дзяржаўным. Гэта пагоршыць стан прыватных. У нас цяпер на першым курсе на траціну больш месцаў, чым выпускнікоў сярэдніх школ. Да таго ж, дзяржава абмяжоўвае прыём на завочнае, а прыватнікі эканамічна выжывалі за кошт завочнікаў”, — разважае Уладзімір Дунаеў.

Паводле эксперта, неэфектыўна ўводзіць нейкія абмежаванні на іспытах, бо рэгуляваць колькасць паступаючых мусяць самі ўніверсітэты.

“Калі ў нас такая даступная вышэйшая адукацыя, то варта браць усіх. А элітарнай адукацыяй ужо мусіць быць магістратура”, — падсумоўвае эксперт.

Нагадаем, у гэтым годзе дзяржаўныя ВНУ гатовыя прыняць 79 тысяч абітурыентаў, 30,5 тысяч — на бюджэтныя месцы. Пры гэтым, тэставанне здалі толькі 74 тысячы абітурыентаў.

Абітурыент: Пайду ў скульптары, бо пасля можна хоць зваршчыкам працаваць

Фота: vmdaily.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі