Эксперт: Павел Коваль прапануе шукаць рэфарматараў
Аналітык Беларускага iнстытута стратэгiчных даследаванняў Андрэй Елісееў каментуе прапанову польскага дэпутата, змяніць стасункі паміж ЕС і Беларуссю.
Еўрарадыё: Польскі дэпутат Павел Коваль у сваім артыкуле выказаў думку, што трэба змяніць стасункі паміж Беларуссю і ЕС, і ў прыватнасці Польшай, але перадумовай такіх зменаў назваў вызваленне палітвязняў. Што новага ў яго стратэгіі?
Андрэй Елісееў: Новае тое, што ён прапануе вярнуцца да дыялогу акурат не гледзячы на тое, што палітвязні яшчэ не выпушчаныя, і такім чынам шукаць рэфарматараў у адміністрацыі прэзідэнта, у профільных міністэрствах, працаваць з імі. Ён прапануе адмовіцца ад рэзкіх выказванняў у бок Лукашэнкі, якія паступаюць час ад часу ад польскага міністра замежных справаў Сікорскага і некаторых іншых замежных палітыкаў.
Еўрарадыё: Еўрапейскія палітыкі адзначаюць поспех сваёй палітыкі ў адносінах да афіцыйнага Мінска, бо вызваленыя некаторыя палітвязні, а спадар Коваль крытыкуе гэтую палітыку як неэфектыўную. Ён хоча цалкам змяніць палітыку ЕС ці гэта будуць касметычныя змены?
Андрэй Елісееў: Па-першае, гэта ягонае прыватнае меркаванне. Некаторыя СМІ памылкова напісалі, што ён выказвае меркаванне дэлегацыі Еўрапарламента па стасунках з Беларуссю, але гэта не так. Ён нават не з’яўляецца ўдзельнікам гэтай дэлегацыі, ён узначальвае дэлегацыю па стасунках з Украінай. Таму гэта ягонае прыватнае меркаванне. Вядома, можна па-рознаму ацэньваць, ці была эфектыўнай санкцыйная палітыка ў дачыненні да Беларусі. Трэба звярнуць увагу на тое, што ў гэтым артыкуле ёсць таксама некаторыя факталагічныя памылкі, напрыклад, там згадваецца, што Зміцер Бандарэнка да гэтага часу знаходзіцца ў турме. Часопіс быў выпушчаны 5 чэрвеня, а Зміцер Бандарэнка ўжо даволі працяглы час знаходзіцца на волі. Але тое, што трэба праводзіць дыялог на сярэднім узроўні і шукаць рэфарматараў у міністэрствах і адміністрацыі, гэта таксама не навіна. Пра гэта даўно гавораць і беларускія эксперты і замежныя эксперты па Беларусі.
Еўрарадыё: Ці сведчыць выказванне Паўла Коваля пра тое што палітыка ЕС будзе змяняцца? І ці адрэагуюць увогуле еўрадэпутаты на яго пазіцыю?
Андрэй Елісееў: Гэта ні пра што не сведчыць, бо, па-першае, спадар Коваль усяго толькі еўрадэпутат, які нават не ўваходзіць у дэлегацыю па стасунках з Беларуссю. Больш за тое, ён прадстаўляе даволі малую палітычную групу ў парламенце - групу кансерватараў і рэфармістаў. Такім чынам, гэта яго прыватнае меркаванне, ён больш спецыялізуецца па Украіне. Гэтае меркаванне мае права на жыццё, але ў ім сапраўды няма нічога новага, бо нават зараз Еўрасаюз, праводзячы санкцыйную палітыку ў дачэненні да Беларусі, развівае адносіны з грамадзянскай супольнасцю і імкнецца не пакідаць адносінаў на экспертным узроўні.
Еўрарадыё: Ці рэальна, што ЕС можа знайсці агульную мову з Лукашэнкам праз мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, як гэта піша ў артыкуле Павал Коваль?
Андрэй Елісееў: Сам спадар Коваль у сваім артыкуле піша, што недакладна, што гэта атрымаецца, бо касцёл у Беларусі адносна слабы, ня мае традыцыі палітычнай заангажаванасці супрацоўнікаў. Да гэтага часу спадар Кандрусевіч адхрышчваўся ад спроб увязвацца ў палітыку і быць нейкім пасярэднікам. Дарэчы, спадар Коваль прапануе, апроч таго, каб пасярэднікамі былі Грузія і Украіна. Цяжка сказаць, наколькі гэта можа быць паспяховым, бо і адносіны з Украінай зараз не на лепшым узроўні. Спадар Коваль кажа таксама, што міністр замежных справаў Літвы Ажубаліс у кулуарах скардзіцца на тое, што Літва апынулася на ўзбочне. Вільня хоча быць пасярэднікам паміж Захадам і ўсходнімі суседзямі, а зараз рэй узяла Польшча, і пазіцыя Літвы не вельмі ўлічваецца.