Эксперт пра прызначэнне Карпенкі: "Гэта крок назад, у 80-ыя"
15 снежня стала вядома, што новым міністрам адукацыі Беларусі стаў старшыня Кампартыі Беларусі Ігар Карпенка. Кандыдат педагагічных навук і эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч мяркуе, што гэта дрэнны сігнал для сферы адукацыі.
"Прызначэнне на пасаду міністра адукацыі чалавека з камуністычнай партыі гаворыць само за сябе. Яно гаворыць аб поўным вяртанні сістэмы адукацыі на ўзровень канца 80-х гадоў, я б так сказала. Гэта фактычна рэстаўрацыя ідэалагічных асноваў, якія былі закладзеныя яшчэ ў савецкія часы. І канстатацыя таго, што ў сферы адукацыі за ўвесь гэты час фактычна нічога не адбылося", ― гаворыць Святлана Мацкевіч.
Эксперт дадае, што беларуская адукацыя згубіла большасць кваліфікаваных кадраў, не змагла сфармаваць мэты і перспектывы развіцця. І прызначэнне на пасаду кіраўніка Мінадукацыі Карпенкі сведчыць толькі пра тое, што адукацыя зараз знаходзіцца ў сферы ідэалогіі.
"Крытэрам ацэнкі якасці кадраў у адукацыі цяпер будзе поўная лаяльнасць педагогаў у дачыненні да сістэмы. А што датычыць развіцця ў кірунку Балонскіх пагадненняў, то я лічу, што на гэтым можна паставіць кропку", — канстатуе эксперт.