Эксперт: Расія не хоча падштурхоўваць Беларусь да Захаду

110913 Zlotnikau_site.mp3

Еўрарадыё: Яшчэ 18 жніўня гендырэктар “Беларуськалія” заявіў, што Беларусь адмовіцца ад крэдыту на 2 мільярды долараў на ўмовах Ашчадбанка Расіі і нямецкага банка, бо там хацелі атрымаць пад залог акцыі “Беларуськалія”. А вось цяпер вылучылі 1 мільярд і віцэ-прэм’ер Беларусі кажа, што ніякага залогу не трэба. Ці магчыма гэта? На якіх умовах гэта магчыма?

Злотнікаў: Беларусь атрымлівае не так і мала крэдытаў, у тым ліку кіраўніцтва бярэ крэдыты і там фактычна нідзе няма залога. Там ёсць вяртанне, адсоткаў - гэтага дастаткова. Што тычыцца “Беларуськалія”, то там, можа, няма залога акцыяў, але там можа быць пад аб’ёмы продажу самога калію, як гэта было ў мінулы раз. Калі Беларусь не зможа вярнуць крэдыт, то яна проста павінна будзе перадаць расійскаму аператару нейкі запас прадукту, каб ён прадаў.

Але дэталі невядомыя, таму не будзем прагназаваць. У асноўным гэта нейкая дапамога з боку Расіі Беларусі, каб падтрымліваць эканоміку ў нейкім жывым стане, каб тут не было сацыяльнага выбуху, каб у Беларусі раптоўна не з’явілася кіраўніцтва, якое арыентуецца на Захад. Гэта можа быць галоўны матыў такога палітычнага ўчынку.

Еўрарадыё: Стасункі Расіі і Беларусі пацяплелі. З чым гэта можа быць звязана. Беларускія ўлады зноў далі нейкія эканамічныя абяцанні, напрыклад, па прыватызацыі?

Злотнікаў: Можна толькі здагадвацца, чаму. Я ўжо адзін матыў сказаў, што Расія не хацела б падштурхоўваць да Захаду Беларусь. А другі матыў можа быць звязаны з выбарамі ў Расіі, бо ў расіян такое пачуццё, што беларусы свае людзі, што трэба сябраваць, у многіх расіян Лукашэнка карыстаецца аўтарытэтам. Магчыма, што Пуцін і яго атачэнне спрабуюць нейтралізаваць уплыў “беларускай карты” на расійскія выбары.

Еўрарадыё: Вяртаючыся да тэмы крэдытаў, з’явілася інфармацыя, што на сярэдзіну лета гэтага года, на 1 ліпеня, сукупны дзяржаўны доўг Беларусі дасягнуў 33 мільярдаў долараў, што ўжо больш за палову нашага ВУП. Атрымліваецца, што крэдытнае балота нас засмоктвае і мы ўсё роўна гэтыя крэдыты бярэм?

Злотнікаў: Мы трапляем у спіраль фармавання фінансавай піраміды. Мы бярэм крэдыты для таго, каб аддаць папярэднія крэдыты і каб выкарыстоўваць іх на цякучае спажыванне. Уцягнуліся ў гэтую піраміду і не важна, што можа быць наш доўг у працэнтных адносінах да ВУП не такі вялікі, але ў нас і магчымасці аддаваць гэтыя даўгі не такія высокія, бо мы гэтыя даўгі пускалі не на развіццё вытворчасці, не на атрыманне дадатковага аб’ёма валюты ад экспарту, а ў асноўным праядалі. Таму зараз самы галоўны фактар у нашай эканоміцы – гэта вялікія даўгі, якія трэба аддаваць. Вельмі складана вырашыць праблему вяртанне доўгу. Доўг будзе вызначаць нашае эканамічнае жыццё цягам бліжэйшых гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі