Эксперт: Ва Усходнім партнёрстве дэ-факта засталося толькі тры краіны
У ЕС думаюць пра расійскі ўплыў у Беларусі і аб тым, як не страціць Украіну
У пачатку верасня прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян паведаміў аб жаданні яго краіны далучыцца да Мытнага саюза. Заява была даволі нечаканай у святле хуткага парафіравання Арменіяй пагаднення з ЕС аб асацыяцыі і аб вольным гандлі.
“Калі Арменія вырашыць далучыцца да Мытнага саюза, гэта значыць, што яна не зможа падпісаць пагадненне аб вольным гандлі з ЕС”, — заявіў прэм’ер-міністр Літвы Лінас Лінкявічус, якая зараз старшынствуе ў ЕС.
Тут жа, у Вільні, 28-29 лістапада адбудзецца і саміт Усходняга партнёрства, які адкажа на многія пытанні аб будучыні праекта. Ці выканае Украіна ўмовы ЕС, неабходныя для падпісання пагаднення аб асацыяцыі? Ці змогуць ініцыяваць такія пагадненні Грузія і Малдова? І якое месца ва Усходнім партнёрстве пасля саміта зоймуць Азербайджан і Беларусь?
У канцы жніўня партал EUobserver пералічыў тры магчымыя сцэнары:
“Праграма мінімум у Вільні прадугледжвае паступовае прыняцце і рэалізацыю правіл, норм і стандартаў ЕС Арменіяй, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Сярэдні варыянт звязвае 4 асноўныя краіны Усходняга партнёрства ў больш цесную супрацу (у тым ліку паміж сабой). Праграма максімум дасць краінам перспектывы членства ў ЕС”.
Прытым у артыкуле адразу ж ідзе агаворка, маўляў, наўрад ці такія вялікія краіны, як Францыя, Іспанія, Партугалія, паабяцаюць членства ў ЕС. Сапраўды, зараз у Еўрасаюзе назіраецца стомленасць ад пашырэння. Але цяпер, пасля навіны аб “выхадзе са справы Арменіі”, нават мінімалістычны сцэнар EUobserver выглядае немагчымым. Таму еўрапейскія палітыкі стараюцца засяродзіцца на тых, хто яшчэ гатовы супрацоўнічаць. Нядаўна Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан заявіла аб тым, што “ЕС не можа страціць Украіну”. Хутчэй за ўсё, улады ЕС нават заплюшчаць вочы на тое, што былая прэм’ер-міністарка Юлія Цімашэнка знаходзіцца за кратамі.
Бо, напрыклад, літоўскі палітолаг Лаўрынас Кашчунас кажа, што дэмакратычныя моманты з’яўляюцца важнейшымі, але “часам трэба мець і геапалітычнае бачанне”:
“Я не ведаю, як мы яшчэ больш можам заахвоціць Украіну да дэмакратызацыі, калі адпусцім з асацыяцыі і зоны вольнага гандлю, калі яна стане членам Мытнага саюза”.
Літоўскі палітолаг сцвярджае, што ва Усходнім партнёрстве дэ-факта засталося тры краіны з шасці. Акрамя Украіны, на пэўныя поспехі можа разлічваць Малдова, якая ў першую чаргу хоча дамовіцца аб бязвізавым рэжыме з ЕС. Ёсць яшчэ Грузія, якая парафіруе пагадненне аб асацыяцыі падчас Віленскага саміта, а вясной, хутчэй за ўсё, ужо яго падпіша. Брусэль пастараецца не дапусціць, каб усе гэтыя краіны трапілі ў арбіту Расіі. Тым часам Беларусь там і знаходзіцца, сцвярджае рэдактар міжнароднага аддзела The Economist Эдвард Лукас. І разважае, што чакае нашу краіну ў канцы лістапада ў Вільні:
“Беларусь зробіць дзіцячыя крокі, але яе прысутнасць на саміце не будзе мець вялікага значэння”.
Фота: europa.eu