Эксперымент: Дранік з МакДональдса месяц праляжаў у каробцы (фота)

Эксперымент: Дранік з МакДональдса месяц праляжаў у каробцы (фота)

У канцы лістапада мінулага года МакДональдс у Беларусі нечакана беларусізаваўся ― сетку рэстаранаў хуткага харчавання аздобілі рэкламай на беларускай мове, унутры загучалі беларускія народныя песні, а ў меню з'явіўся гамбургер "Панскі" і самае галоўнае ― дранікі!

Абысці такую з'яву Еўрарадыё, дзе дранікі вельмі любяць і шануюць, не магло. Зганяўшы у бліжэйшы МакДональдс, я прынёс некалькі порцый у рэдакцыю. Пры гэтым нечаканасці пачаліся яшчэ на касе. Замест таго, каб амаль адразу перадаць мне пакет з ежай у рукі (як гэта бывае пры замове гамбургераў ці чызбургераў), дзяўчына на касе вінавата папрасіла пачакаць "чатыры хвіліны". Таму што дранікі "трэба прыгатаваць". Прыемна здзіўлены, я чакаў каля шасці хвілін і, атрымаўшы запаветныя чырвоныя кардонныя каробкі, пабег на працу.

Эксперымент: Дранік з МакДональдса месяц праляжаў у каробцы (фота)
Так выглядаў дранік з МакДональдса, калі я прынёс яго ў рэдакцыю.
Эксперымент: Дранік з МакДональдса месяц праляжаў у каробцы (фота)
Дранік з МакДональдса ў разрэзе.

Дранікі былі смачнымі. Крыху вострыя на смак, але адносна вялікія, залацістыя і неяк нават падазрона ідэальныя ― абсалютна круглыя, раўнамерна прасмажаныя, з аднолькава залацістай коркай, без цёмных кропак і плямаў. Як на рэкламных плакатах, не іначай.

Але самае цікавае пачалося, калі мы вырашылі пакінуць адзін з дранікаў у каробцы і паглядзець, што з ім будзе на наступны дзень. І ці не паўторыць ён вядомую гісторыю з гамбургерам з МакДональдса, які захаваў свае якасці праз шмат гадоў пасля таго, як быў забыты ў кішэні паліто.

Адкрыўшы кардонку з ідэальным дранікам на наступны дзень, я быў здзіўлены ― ён па-ранейшаму захоўваў свае "ідэальныя" якасці ― колер, форму і нават пах. Адно што, астыў. На працягу наступных двух тыдняў дранік з МакДональдса працягваў здзіўляць сваёй ідэальнай формай і колерам. Здавалася, яго можна падагрэць у мікрахвалёўцы і хоць зараз з'есці.

Эксперымент: Дранік з МакДональдса месяц праляжаў у каробцы (фота)
Так змяніўся дранік з МакДональдса за тыдзень.

Значна мяняцца дранік пачаў прыкладна праз тры тыдні пасля прыгатавання. Ён заставаўся круглым і залацістым (пацямнеў зусім крыху), але пры гэтым пачаў выгінацца, ўсё больш нагадваючы сваёй новай формай бульбяны чыпс. На пятым тыдні эксперымент працягваецца, аднак перамены ў стане ідэальнага драніка з МакДональдса спыніліся.

Эксперымент: Дранік з МакДональдса месяц праляжаў у каробцы (фота)
Дранік з МакДональдса праз месяц, выгляд зверху.
Эксперымент: Дранік з МакДональдса месяц праляжаў у каробцы (фота)
Дранік з МакДональдса праз месяц, выгляд збоку.

Для чысціні эксперыменту мы таксама прыгатавалі традыцыйны хатні дранік з вясковай бульбы. Што з ім стала ўжо на наступны дзень пасля прыгатавання, можна ўбачыць на фота.

Эксперымент: Дранік з МакДональдса месяц праляжаў у каробцы (фота)
Перамены ў хатнім драніку, прыгатаваным з бульбы і цыбулі на сланечнікавым алеі, заўважныя ўжо праз некалькі гадзін.

У чым сакрэт?

 

З такім пытаннем я звярнуўся ў МакДональдс. Проста напісаў зварот на сайце кампаніі, не вельмі спадзеючыся на адказ. Папрасіў падзяліцца рэцэптам такіх неверагодных дранікаў. Якім жа было маё здзіўленне, калі адказ прыйшоў літаральна праз некалькі гадзін. "Паважаны Аляксандр. Дзякуем за Ваш зварот. Ніжэй накіроўваем Вам інгрэдыенты прадукту. Дранікі: бульба, цыбуля, алей (рапсавы і сланечнікавы), мадыфікаваны рысавы крухмал, соль. Алергены: не. Не ўтрымлівае глютэн. Працэдура дагатоўкі: абсмажваем у фрыцюрным алеі. Пры ўзнікненні дадатковых пытанняў звяртайцеся, будзем рады дапамагчы. Таксама будзем рады бачыць Вас і вашу сям'ю нашымі гасцямі".

У галаве адразу прамільгнула ― мадыфікаваны рысавы крухмал, вось яно! Вось сакрэт ідэальнасці дранікаў з МакДональдса, пра які не здагадваюцца дзясяткі пакаленняў беларусаў. Мы ж стагоддзямі гатуем самую беларускую страву з бульбы, цыбулі і солі, час ад часу дадаючы яйка і крыху мукі для колеру. А трэба ўсяго толькі дасыпаць мадыфікаванага рысавага крухмалу. Але маю здагадку ўшчэнт разбівае шэф-кухар рэстарана "Залаты грабеньчык" Аляксандр Петрыман, да якога звяртаюся за прафесійнай кансультацыяй. "Мадыфікаваны рысавы крухмал? Гэта загушчальнік, самы танны загушчальнік, ён загушчае прадукт. У еўрапейскай кухні ён мала выкарыстоўваецца, хутчэй, у беларускай. Бульбяны прысмак пакідае, а рысавы ― не. А ваш дранік не пацямнеў не праз крухмал. Калі б там была звычайная простая бульба, то ён пацямнеў бы. Хутчэй за ўсё, там дадаткі, вядомыя ўсім "Е". Чаму вось каўбаса не цямнее? Усё праз гэтыя дабаўкі. Калі прадукт цалкам штучны, то ён не губляе колер. А тут тым больш, дранікі, бульба. Там жа крухмал бульбяны, ён цямнее праз лічаныя хвіліны. Цыбуля крыху можна затрымаць працэс, на дзесяць хвілін", ― расказвае эксперт.

Кухар таксама дадае, што прыгоды нашага драніка могуць сведчыць аб тым, што ён зроблены зусім не так, як мы прывыклі гатаваць дранікі. "Хутчэй за ўсё, спачатку зрабілі пюрэ, а потым з пюрэ пасмажылі дранікі. Таму што бульбяное пюрэ, зваранае, не цямнее. Плюс штучныя дабаўкі, каб захаваць колер. Наколькі ведаю, у МакДональдсе з бульбай працуюць менавіта так. Калі вы дома зробіце іх бульбяныя долькі, то яны будуць іншымі на смак, іншая структура будзе. Уявіце, што знаходзіцца ў вашым драніку, калі ён нават не асабліва змяніўся ў колеры", ― кажа кухар.

Вось такі атрымаўся ідэальны дранік. Пытанне толькі, ці насамрэч дралі бульбу для яго прыгатавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі