"Экстрэмісцкія выданні" ў бібліятэках РБ фізічна знішчаць не плануюць

Ігар Сергеенка

Ігар Сергеенка / БЕЛТА

"Экстрэмісцкія выданні" з беларускіх бібліятэк будуць канфіскоўваць, але знішчаць фізічна не плануецца. Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы.

Па яго словах, у Беларусі даўно працуе камісія, якая прызнае тыя ці іншыя выданні экстрэмісцкімі або экстрэмісцкімі заклікамі. "І, можа быць, наспела неабходнасць выпрацаваць крыху іншыя механізмы. Гаворка не ідзе пра фізічнае знішчэнне тых ці іншых выданняў",цытуе БЕЛТА словы Сергеенкі.

Таксама на пасяджэнні міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што яго ведамства прапануе абнавіць канцэпцыю часопіса "Гісторыя і грамадазнаўства": часопіс стане навукова-папулярным, каб прыцягнуць больш шырокую аўдыторыю. Пры гэтым выданне, хутчэй за ўсё, атрымае новую назву.

Улады Беларусі ўжо некалькі гадоў прызнаюць экстрэмісцкімі кнігі, прысвечаныя гісторыі і нацыябудаўніцтву. Напрыклад, кнігу гутарак рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука "Беларуская нацыянальная ідэя" прызнавалі экстрэмісцкай аж двойчы. Таксама пад забарону трапляюць і мастацкія выданні: у спісе экстрэмісцкіх аўтараў — Альгерд Бахарэвіч, Іосіф Бродскі і нават класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі