Эл Фостэр і мінская публіка закахаліся адзін у аднаго

Эл Фостэр даў свой першы канцэрт ў Мінску, закахаўся ў беларускую публіку, на хвілінку стаў медыумам Майлза Дэвіса, а кантрабасіст Даг Вайз расказаў пра выпадковы джэм з маладымі мінскімі музыкамі у “Графіці” і даў ім параду, як не расчаравацца ва ўласнай ігры, калі слухаеш канцэрты фірмачоў.

Эл Фостэр
(Al Foster), выдатнейшы джазавы барабаншчык, які шмат гадоў граў на адной сцэне з легендай джазу Майлзам Дэвісам, упершыню прыехаў у Мінск, каб выступіць са сваім квартэтам. На жаль, такія канцэрты адбываюцца у нас зусім рэдка, таму ўся зала, здавалася, затаіла дыханне, калі Эл Фостэр і яго квартэт выйшлі на сцэну.



Сёння Эл Фостэр грае з маладымі музыкамі – гэта саксафаніст Элі Дэгібры (Eli Degibri) і піяніст Адам Бірнбаум (Adam Birnbaum), і са сваім старым сябрам, кантрабасістам Дагам Вайзам (Doug Weiss). Бэнд Эла Фостэра настолькі чароўны, што ў некаторых са слухачоў “здавалі нервы”, і яны выходзілі танцаваць, нібыта гэта быў шумны джаз-клуб Нью-Ёрку, а не стрыманы мінскі дом афіцэраў.

“Гэта было так здорава! Гэта было шчыра. Гэта было таленавіта, і я шкадую, што тысячы слухачоў радыё не прыйшлі на канцэрт, таму што мы проста былі шчаслівыя. Мы былі ў любові. Мы купаліся ў любові і музыцы!", - кажа жанчына, якая не звяртаючы ўвагі на суседзяў па крэслах, ўсім целам аддалася магічным рытмам джазу.



Дарэчы, нягледзячы на стрыманую атмасферу Дома Афіцэраў, музыкі квартэту закахаліся ў мінскую публіку і наадварот. Даг Вайз прызнаўся, што ўжо даўно іх не ўспрымалі так цёпла і не слухалі так уважліва.

Еўрарадыё: Даг, ёсць такое меркаванне, што беларускія слухачы кансерватыўныя, сарамлівыя на выяўленне эмоцый. Што ты скажаш на гэта?

Даг Вайз: Кансерватыўныя? Ды не! Як па мне, дык вы цудоўная аўдыторыя. Фантастычная. Я нават не прыпомню, калі апошні раз нас так добра слухалі. Некаторыя краіны занадта гучныя.

Скажам, польскія слухачы. Яны, ведаеш, заўсёды такія “Аааааааааа!”, спяваюць разам з бэндам. А беларусы мне вельмі спадабаліся. Мы адчувалі, што нас уважліва слухалі і паважалі.



Сапраўды, пад час канцэрту было адчуванне двухбаковага дыялогу паміж слухачамі і бэндам. Не менш кранальны дыялог адбываўся і на сцэне паміж Элам і яго музыкамі.

Эл Фостэр – незвычайны імправізатар. Здаецца, што ў ім жыве groove-дэман, бо рытмічныя малюнкі Эла падобныя на дзіўны шаманскі танец, які можа ведаць толькі афраамерыканскі музыка. Эл так дэтальна адчувае грувы сваіх калег, так адметна падхоплівае і падкрэслівае іх, што ў выніку ўвесь бэнд гучыць, як адзін пульсуючы арганізм.

І гэта цуд! Музыкі Эла Фостэра надзвычайна прафесійныя. Нягледзячы на тое, што піяніст, напрыклад, не мае музычнай адукацыі.



“Іх піяніст, дарэчы, фізік! Уяўляеш? Мы ў яго пыталіся на джэме пра адукацыю, і ён – фізік. У яго няма музычнай адукацыі !”, са здзіўленнем кажа мне Павел Клімко, малады джазавы саксафаніст.

Падчас свайго візіту ў Мінск, квартэт Эла Фостэра паўдзельнічаў ў джэме з маладымі мінскімі джазавымі музыкамі. Апошнія дагэтуль не могуць паверыць, што з імі гэта адбылося!

“О, нас запрасілі на джэм, калі я даваў майстар клас. Нехта са студэнтаў выкрыкнуў, нешта кшталту, “Гэй, мы сёння джэмуем. Хадзем з намі!”. Так што, мы прыехалі ў клуб, там ужо гралі музыкі, і яны адразу ж запрасілі нас на сцэну. Гэта было вельмі радасна.

Нехта прапанаваў сыграць “Sweet Georgia Brown”, здаецца, гэта быў Косця Валковіч, саксафаніст. Мы пачалі іграць. І гэта чароўны момант, бо, нават, калі мы гаворым на розных мовах, мы разумеем адзін аднаго на мове джаза”, - кажа Даг Вайз.



Еўрарадыё: Хлопцы дагэтуль хвалююцца і не могуць паверыць, што гралі з вамі на адной сцэне.

Даг: Гэта было шыкоўна, і я таксама не веру, што гэта адбылося насамрэч. Але, ты ж ведаеш, у жыцці ўсё магчыма.)

Жэня Гаўрусёў,
малады джазавы барабаншчык, таксама прымаў удзел у джэме ў “Графіці” з квартэтам Эла Фостэра, і расказаў нам, як гэта было:

“Усё здарылася зусім выпадкова. Мы сустрэлі іх, запрасілі, яны прыехалі да нас у “Графіці” і высветлілася, што яны вельмі простыя людзі. Гэта бачна і па паводзінах, і па выкананні музыкі, і па гуку. Я сам сабе зайздрошчу і дагэтуль не магу паверыць”!



Пасля канцэрту людзі яшчэ доўга не разыходзіліся, таўкліся каля грымёрак музыкаў і мяняліся сваімі думкамі і ўражаннямі. Некаторыя маладыя музыкі былі такія ўзрушаныя, што кляліся публічна завязаць з музыкай назаўсёды, бо пасля канцэрту квартэта Эла Фостэра спрабаваць навучыцца граць джаз – гэта глупства, і працягваць сваю кар’еру няма сэнсу.

Не дзіва, што пасля удалага прыкладу выяўлення чужога таленту, свой падаецца бедным і безнадзейным.



Даг Вайз перадае ўсім маладым музыкам словы падтрымкі і тлумачыць, чым карысныя такія перажыванні:

“Гэта так дрэнна, што вы менавіта так гэта ўспрымаеце. Памятаю сабе ў маладосці – тыя ж стрАхі! Мне падавалася, што я ніколі не буду граць з такімі людзьмі, як сёння. Але, ведаеце што? З гадамі практыкі і ігры я зразумеў, што ўсё магчыма. Страшна падумаць, што людзі збіраюцца кінуць музыку з-за натхнення чужой ігрой.

Вядома, што быць крутым музыкам – гэта сур’ёзная адказнасць, гэта складана і цяжка. Мы таксама не граем выдатна штовечар. Нават сёння я адчуваў, што некаторыя п’есы даюцца мне цяжка, так што не ныйце. Калі вас нешта натхняе – ідзіце дадому і практыкуйцеся”.



Даг не прывёз з сабой свой кантрабас на канцэрт у Мінск і пазычыў інструмент у мясцовых музыкаў. Любы кантрабасіст скажа вам, як гэта цяжка – іграць на чужым інструменце. Даг прызнаўся, што часамі пакутаваў ад дыскамфорту і нават паказаў мне свае пальцы, якія выглядалі моцна напрацаванымі. “Дзякуй лёсу, што хаця б не да крывавых мазалёў”, - пажартаваў Даг і расказаў, што добрая ігра музыкі, ўсё ж такі, хаваецца не ў інструменце, а ў руках:

“Прафесіяналізм хаваецца яшчэ і ў думках, у сэрцы, і ў той гісторыі, якую ты хочаш распавесці. Нават, калі табе дастаўся дрэнны інструмент і твае пальцы баляць, ты ўсё адно здольны выдатна граць. Усё адно нешта адбудзецца”.

І адбываўся цуд! Квартэр граў вядомыя джазавыя стандарты (як “In a sentimental mood” Дзюка Элінгтона, “Blue Bossa” Кені Дорэма ці “Cantaloupe Island” Хэрбі Хэнкака), так і свае аўтарскія п’есы. Падчас антракту людзі дзяліліся ўражаннямі і прызнаваліся адзін аднаму, што гэта быў самы лепшы джазавы канцэрт у іх жыцці.



Антон Сідарэнка, вядомы мінскі кінаман, шкадуе, што такія канцэрты ў нас рэдка адбываюцца:

“Я не вялікі спецыяліст па джазе, але мне падалося, што тое, што мы сёння чуем, гэта геніяльна! Чаму? Таму што гармонія, якую я адчуваю сёння ўсёй сваёй існасцю, у Мінску я сустракаю вельмі рэдка”.

Жэня Гаўрусёў расказаў, што яму нават паказаўся дух Майлза Дэвіса:

“У мяне надзвычайныя ўражанні ад канцэрту! Музыкі граюць у стылі, кожная нота на месцы, і гэта ў лепшых традыцыях Майлза Дэвіса ў перыяд cool-джаза, пачатку мадальнага джаза. Нават “Cantaloupe Island” Хэрбі Хэнкака яны сыгралі рэальна ў манеры cool-джаза. Гэта спакойная, прахалодная энергетыка, якая вее на цябе нібыта марскі брыз і ты разумееш, што ты недзе на беразе, побач стаіць Майлз са сваёй трубой. Дарэчы, Дэвіз Майлз – гэта адзіны, каго не хапае сёння на сцэне. І Джона Калтрэйна!

Канцэрт проста выдатны. Гэтыя іншапланецяне прылятаюць да нас рэдка, але гэта кожны раз свята!”

Маладая піяністка Алеся, якой таксама пашанцавала паджэміць з музыкамі квартэту Эла Фостэра, прызналася, што адчувае нават смак джазу, які яны іграюць:

“Усе майстры. Фірмачы, бомбы джазу! Яны вельмі простыя ў стасунках людзі. Мы разгаварыліся з імі ў “Графіці”, і ў іх джаз не толькі ў выкананні, але і ў іх саміх. Яны паказваюць джаз у сабе. Яны нясуць джаз усім, і не баяцца даваць яго людзям.

Мой сябар заўважыў над сцэнай савецкую зорку, і гэта выглядала кур’ёзна. Музыкі не баяцца сюды прыязджаць, яны адкрытыя для новых стасункаў і гэта крута”!

Еўрарадыё: Ты кажаш, што музыкі квартэту такія свабодныя і простыя людзі, а беларускія джазмены што, хворыя на “зорнасць”?

Алеся:  Беларускія джазмены? У сваёй большасці не, але ўзровень іх ігры…  Няхай прабачыць мяне Косця Валковіч, але скажу вам, што пасля выступу саксафаніста Эла Фостэра Косця вырашыў, што ён кідае свой саксафон, што ён не будзе больш граць!

Думаю, гэта быў плоскі жарт, але сапраўды, у музыкаў Эла Фостэра шыкоўная артыкуляцыя, нібыта яны падчас ігры дадаюць соль, перчык, гарчычку, і гэта ўсё такое tasty! Гэта ўсе ммммммм… Проста хачу укусіць, і доўга-доўга смакаваць ў роце, у душы! Гэта проста the most exсiting in the world! Very tasty jazz.



Парачка дарослых людзей, муж і жонка, расказалі, што прыйшлі паслухаць Эла Фостэра, бо ім моцна хацелася дакрануцца да сапраўднай амерыканскай джазавай культуры:

Жонка: “Як толькі мы даведаліся, што да нас едуць музыкі з радзімы джаза, з Нью-Йорку, з ЗША, то адразу ж вырашылі пайсці на канцэрт, і мы вельмі задаволеныя”!



Муж: “А я б сказаў, што канцэрт сухаваты. Замала эмацыйнасці ў музыцы. Прынамсі, толькі адзін з іх эмацыянальны (Эл Фостер – заўвага рэд.)

Ён заўсёды усміхаецца, вось я на яго і гляджу. А астатнія нейкія замкнёныя. Можа, у другім аддзяленні будзем ім больш гучна пляскаць”!  



У другім аддзяленні Эл Фостэр не утрымаўся ад віншавання Інгі Бухвалавай, арганізатаркі канцэрту Эла Фостэра, і спеў для яе класічную “Happy birthday”.

Дарэчы, Інга ўжо не першы раз прывозіць у Мінск сапраўды прафесіянальных і цікавых джазмэнаў, і я не памылюся, калі падзякую ёй за гэтую чароўную працу ад імя ўсяго гораду і слухачоў Еўрарадыё. У якасці падарунка музыкі выканалі “In a sentimental mood” Дзюка Элінгтона, і гэта сапраўды было сентыментальным перажываннем.

Канцэрт Эла Фостэра адбываўся ў Дзень народзінаў не толькі Інгі, але і славутага майстра джазу, аднаго з самых ўплывовых джазавых музыкаў другой паловы ХХ веку, саксафаніста Джона Калтрэйна.



Вядома, што Эл час ад часу ўспамінаў і пра людзей, якія яго натхняюць, пра тых, з кім ён працаваў, выходзіў да мікрафону і гаварыў пра іх са слухачамі. Кожны такі яго выхад быў асобным шоў.

“Гэта Майлз Дэвіс”, кажа Эл Фостэр і, пасля прэзентацыі саксафаніста, пачынае гаварыць голасам Майлза Дэвіса, які “зараз нібыта глядзіць з нябёсаў на мяне, Эла Фостэра, і вось, што б ён сказаў”:

“Оооо… вось, дзярмо! У Эла Фостэра свой бэнд! Божухна! Вы толькі гляньце на гэта! І яго музыкі ўсе белыя хлопцы! Свінгуюць! Падзякуйце мне за Эла Фостэра”!



Мы дзякуем!
 
 Фота: Яўген Ерчак

 
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі