Электронная чарга на “Варшаўскім мосце”. Як яна працуе і што змянілася на мяжы
Тэстуем новаўвядзенні і высвятляем, ці стала прасцей праходзіць беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску "Брэст".
Першы варыянт — платны.
Для гэтага трэба зарэгістравацца на сайце belarusborder.by. Там афармляеце бронь сваёй чаргі. Зрабіць гэта можна за 90 сутак, але не пазней чым за тры гадзіны да выезду. Карыстальніку даецца калідор у гадзіну, каб прыехаць на месца і прайсці мяжу па асобнай паласе. Калі па нейкіх прычынах спазніўся, бронь страчваецца. Кошт такой паслугі — 21 рубель у выхадныя і святочныя дні, у астатнія дні — 16 рублёў 80 капеек.
Варыянт другі — бясплатны.
Як і раней, цяпер трэба стаць у чаргу. Яна пачынаецца ад будак электроннай рэгістрацыі. Гэта тры павільёны мабільнага страхавання, што знаходзяцца насупраць аўтазапраўкі “Беларусьнафта”. Талоны на электронную чаргу выдаюць менавіта страхоўшчыкі. Даёце ім тэхпашпарт, яны рэгіструюць аўто ў электроннай чарзе. Пазней дакумент вяртаюць разам з талонам. У іх жа, як і раней, можна аформіць “зялёную карту” — страхоўку на аўтамабіль для выезду за мяжу.
Далей едзеце ў чаргу перад шлагбаумам. Супрацоўнікі сэрвісу рэгулююць рух машын. Там жа знаходзіцца і электроннае табло, якое паказвае парадак праезду аўтамабіляў.
У “адстойніку” шэсць палос для “бясплатнікаў” і адна для “платнікаў”. Далей і першых, і другіх выпускаюць на прамую непасрэдна да шлагбаума пункту пропуску. Гэта той участак, які можна ўбачыць на онлайн-камеры. За ім ужо пачынаюцца пашпартны і мытны кантроль.
Як гэта працуе на практыцы?
Еўрарадыё прыехала на “Варшаўку” 1 верасня каля 14-й гадзіны. Ахвотных прайсці мяжу платна мы не сустрэлі. Аднак, па словах супрацоўнікаў прыпамежнага сэрвісу, браніраваннем праз сайт “шмат хто ўжо скарыстаўся” — да абеду іх было каля… дзесяці чалавек. Тых, хто ехаў бясплатна, толькі ў чарзе было ў разоў дзсяць болей. Канфлікты пачынаюцца ўжо тут: хтосьці прапусціў знаёмага, а можа, і некалькіх, перад сабой, хтосьці нахабна аб’ехаў. Усё як і было да новаўвядзення.
У “адстойніку” ўсе месцы на шасці палосах занятыя. Канфлікты працягваюцца, але людзі ўжо сварацца не паміж сабой, а з супрацоўнікамі сэрвісу: “Ён заехаў пазней, а чамусьці выехаў раней!”. Ва ўсіх здаюць нервы яшчэ і таму, што перыядычна падвісае сама сістэма. Чарговы збой адбыўся на вачах карэспандэнта Еўрарадыё: перазапуск праграмы заняў каля 15 хвілін. Чарга ў гэты час, вядома, не рухалася.
Што адбываецца на самім пункце пропуску, распавядае прэс-сакратар Брэсцкай памежнай групы Аляксандр Кіслоў.
Кіслоў: “У нас людзі ішлі пастаянным патокам. Не магу сказаць, хутчэй сталі праходзіць ці не. Людзі ідуць згодна з электроннай чаргой. Навалы на самім пункце пропуску няма. Увядзенне сістэмы на працы самога пункта пропуска не адлюстравалася. Мы як працавалі ў штатным рэжыме, так і працуем”.
Словы Кіслова пацвярджаюць і відавочцы. У зоне пашпартнага і мытнага кантролю ўсё па-ранейшаму: праходзіце на выбар чырвоны ці зялёны канал ды едзеце на мост праз Буг. Усё адносна хутка. Праўда, надоўга затрымацца можна акурат на мосце, але гэта ў выпадку, калі марудна працуюць польскія памежнікі і мытнікі.
Брэстаўчанін Уладзімір, які даволі часта ездзіць у Тэрэспаль па асабістых справах, пакуль незадаволены новай сістэмай. Па яго адчуваннях, праходзіць мяжу было даўжэй, чым у аналагічны час у папярэднія будныя дні.
“Чарга павялічылася з-за таго, што новаўведзеная сістэма мала таго, што не была як след пратэставаная — увесь час “падвісала”, дык яшчэ і персанал першы раз з ёй сутыкнуўся. Можа яны бы і хацелі хутчэй арганізаваць працу, але ў іх не атрымліваецца з-за тэхнічных прычын...” — мяркуе мужчына.
Бліжэй да вечара 1 верасня збояў сістэмы больш не было. Адпаведна, вялікай чаргі ўжо не было таксама.