Эмоцыі футбалістаў у апошнія хвіліны найскандальнейшага чэмпіянату Беларусі
З якімі эмоцыямі завяршалі чэмпіянат Беларусі па футболе гульцы розных каманд? Гэта можна зразумець, паглядзеўшы на скрыншоты з відэа, зробленага падчас апошніх хвілінаў матчаў фінальнага 30-га тура.
БАТЭ, які вырваў чэмпіёнства літаральна на апошняй хвіліне, радуецца і святкуе, у гульцоў прыўзняты настрой. Мінскае “Дынама”, якое разграміла “Віцебск”, але так і засталося на другім месцы турнірнай табліцы, зноў у скрусе — бела-блакітныя маглі стаць чэмпіёнамі, калі б іх канкурэнт БАТЭ прайграў.
“Гарадзея”, сапернік БАТЭ ў апошнім туры, крыху разгубленая, бо ўпусціла перамогу.
Сёлетні чэмпіянат стаў найскандальным першынствам краіны: два клубы вышэйшай лігі (“Нафтан” і “Іслач”) стартавалі з адмоўнай колькасцю ачкоў — гэта былі штрафы АБФФ. БАТЭ за некалькі тураў да канца чэмпіянату пазбаўлялі трох ачкоў па “справе Верамко”, а потым дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футбола ўсё ж вяртаў клубу адабраныя балы. Барысаўчане некалькі разоў адзначыліся інцыдэнтамі падчас гульняў у рамках Еўракубкаў, а ў беларускім чэмпіянаце часам саступалі нашмат слабейшым сапернікам, кшталту “Крумкачоў”. БАТЭ меў фінансавыя прэтэнзіі да “Крумкачоў” — малады клуб несвоечасова вяртаў пазыку ў 150 тысяч долараў.