ЕС летась спыніў 42 тысячы спроб нелегальнага пранікнення з Беларусі
Польскі памежнік на мяжы з Беларуссю
31 снежня з беларускай тэрыторыі ў краіны Еўрасаюза нелегальна спрабавалі трапіць 84 мігранты. Такую лічбу называе "Позірк", праналізаваўшы статыстыку памежных службаў.
28 чалавек спрабавалі перайсці беларуска-літоўскую мяжу, 56 — беларуска-польскую. Спробаў нелегальнага перасячэння беларуска-латвійскай мяжы не было ўжо восьмы дзень запар.
Агулам за 2023 год краіны ЕС спынілі 42 078 спробаў незаконнага пераходу мяжы з беларускай тэрыторыі: у Польшчу — 25 571, Латвію — 13 863, Літву — 2644. Дарэчы, у 2022-м такіх спробаў было 31 892 (у Польшчу — 15 655, Латвію — 5026, Літву — 11 211). Агулам колькасць такіх спробаў за год павялічылася на 31,9%: на польскім напрамку ў 1,6 раза, латвійскім — у 2,8 раза; на літоўскім — знізілася ў 4,2 раза.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся ўвесну 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.